Нацыянальны парк "Белавежская пушча" прадаў трох зуброў у Расію

Беларускі зубр у Башкартастане / Telegram
Нацыянальны парк "Белавежская пушча" прадаў трох зуброў у Расію. Гэта адбылося з дазволу Мінпрыроды.
Зуброў (самца і двух самак) адправілі ў суседнюю краіну ў студзені 2025-га. Іх набыла гаспадарка “Хузангаеўскае” з Татарстана.
Цяпер у Белавежскай пушчы налічваецца 790 зуброў. У Нацыянальным парку адзначаюць, што гэта "нашмат вышэй" за аптымальную колькасць. Гэта і "дазваляе рэалізоўваць дзікіх жывёл суб'ектам гаспадарання на тэрыторыі РБ і за мяжой".
Нацыянальны парк "Белавежская пушча" прадаваў зуброў у Расію і раней. У 2023-м у Башкартастан адправілі 18 асобін (кошт адной складаў 8-9 тысяч долараў), цяпер іх больш за два дзясяткі (там іх колькасць плануюць павялічыць да паўсотні). Тады зубрамі і зацікавіўся Татарстан.
У тым жа годзе двое беларускіх зуброў пераехалі ў Кітай, іх перадалі пекінскаму заапарку.
Зубр занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.