Зуброў з Белавежскай пушчы перадалі ў кітайскі заапарк
Зубры
Двое беларускіх зуброў пераехалі ў Кітай. Раней яны жылі ў Белавежскай пушчы. 1 снежня 2023 года іх перадалі пекінскаму заапарку "Цынчуань".
Пагадненне аб перадачы жывёл было падпісана 20 верасня 2023 года. Беларусь узяла на сябе абавязак на бязвыплатнай аснове прадаставіць Кітайскай Народнай Рэспубліцы двух еўрапейскіх зуброў, якія раслі ў паўвольных умовах — самца і самкі. А краіна-атрымальнік абяцала забяспечыць належны догляд жывёлы.
Цяпер у Беларусі існуе 11 вольнажывучых мікрапапуляцый зубра. За апошнія 32 гады іх пагалоўе вырасла ў 7,3 разы і дасягнула 2616 асобін. Аднаўленне колькасці зуброў — прыклад эфектыўнага міжнароднага ўзаемадзеяння па выратаванні віду, знішчанага ў дзікай прыродзе.
Цікава, што ў Кітаі існуе такі панятак, як "Панда-дыпламатыя". Каб наладзіць адносіны з замежнымі дзяржавамі і вырашаць самыя розныя міжнародныя задачы, кітайцы выкарыстоўваюць вялікіх пандаў у якасці "дыпламатычных падарункаў".
Як і белавежскі зубр, вялікая панда занесеная ў Чырвоную кнігу. Яна з'яўляецца нацыянальным сімвалам Кітая — а зуброў многія лічаць сімвалам Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.