У Петрыкаве судзілі гаспадара аўчаркі, якая ўкусіла за твар дзіця
Аўчарка напала на 10-гадовую дзяўчынку (ілюстрацыйнае фота)
У Петрыкаве на Гомельшчыне судзілі гаспадара нямецкай аўчаркі, якая ўкусіла за твар дзіця. Суд спагнаў з яго кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды здароўю.
Здарэнне адбылося ў канцы зімы. Аўчарка ўкусіла за шчаку дзяўчынку 2013 года нараджэння. Яе лечаць дагэтуль: спачатку ў Петрыкаўскай раённай бальніцы, пасля — у Мазырскай гарадской бальніцы, далей быў платны медцэнтр. Экспертыза засведчыла, што дзіця атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні. Бацькі звярнуліся ў суд за грашовай кампенсацыяй. У выніку з мужчыны спагналі 21 тысячу рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, 778 рублёў — матэрыяльнай шкоды. Гаспадара сабакі прыцягнулі і да адміністрацыйнай адказнасці — аштрафавалі на 600 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.