"Наша ніва": дыспетчар, які садзіў самалёт з Пратасевічам, з’ехаў з сям’ёй
З Беларусі разам з сям'ёй з'ехаў дыспетчар, які меркавана вёў перамовы з пілотам самалёта Rynair рэйса Афіны-Вільня. На борце гэтага самалёта знаходзіліся Раман Пратасевіч і Сафія Сапега.
Пра ад'езд дыспетчара Алега Галегава "Нашай Ніве" паведамілі некалькі яго калег. Яны кажуць, што мужчына павыдаляў свае акаўнты ў сацсетках і на пачатку ліпеня сышоў у адпачынак, пасля якога на працы не з'явіўся.
"Начальства афіцыйна нічога нам не даводзіла. Але я асабліва праз яго не пераймаюся, бо думаю, ён проста перастрахаваўся і з’ехаў. Спецыяліст ён класны, работу знойдзе без праблем у любой краіне. Голас на апублікаваным запісе з інцыдэнтам Rynair ягоны", — кажа адзін з супрацоўнікаў "Белаэранавігацыі".
Намеснік гендырэктара "Белаэранавігацыі" Іван Герлоўскі спачатку сказаў, што Галегаў з чэрвеня ў адпачынку, і ён нібыта нічога не ведае пра яго знікненне ці звальненне. Потым ён заявіў, што Галегаў жыве ў цешчы, і з ім, маўляў, звязваўся аддзел кадраў.
Алег Галегаў — этнічны грузін. Ён пераехаў у Беларусь ужо ў свядомым узросце, пазнаёміўся з беларускай Ганнай, якая была ў ягоных краях у камандзіроўцы. У "Белаэранавігацыі" мужчына працаваў з 2010 года.
Адзін з яго калег сказаў журналістам, што Галегаў, верагодна, паехаў да сваякоў у Грузію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.