"Няхай жыве свабодна". Як бацькі прымаюць ЛГБТ-дзяцей ва Усходняй Еўропе
Павел Хадзінскі / Еўрарадыё
Стэрэатыпы, абразы, пагрозы, гвалт — для ЛГБТ у краінах Усходняй Еўропы гэта штодзённасць. Прыняць гомасексуалаў часта не можа не толькі грамадства, але і сям'я. Чым больш гамафобнае грамадства, тым больш складана ЛГБТ-дзецям знайсці падтрымку ў бацькоў.
Азербайджан. Адкрытай падтрымкі няма
"Сама я б і сёння закрычала на ўвесь свет, што мой сын такі, сказала б усім сваякам, знаёмым: хочаце — прымайце, хочаце — не. Але я баюся за мужа, дачок", — кажа маці гомасексуала Шаміля (імя зменена).
Азербайджан прызнаюць самай гамафобнай краінай Еўропы, адкрытых гомасексуалаў там проста няма. Як правіла, бацькі ЛГБТ-дзяцей адмаўляюцца ад іх, выганяюць з дому. Тыя, хто знайшоў у сабе сілы зразумець і падтрымаць сваё дзіця, не могуць рабіць гэта адкрыта.
Шаміль ужо не жыве ў Азербайджане, ён з'ехаў пасля "вераснёўскіх пагромаў". Тады паліцыя затрымлівала прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці на вуліцы, забірала іх у паліцэйскія ўчасткі проста з кватэр. На працягу некалькіх дзён былі затрыманыя каля сотні чалавек, іх абражалі, білі і гвалтавалі. "Я з разуменнем прыняла яго ад'езд, — кажа мама Шаміля. — Падумала, хай жыве свабодна, жыве так, як яму хочацца".
Гісторыі азербайджанскіх ЛГБТ і іх бацькоў чытайце ў матэрыяле Meydan.tv.
Беларусь. Зразумець, каб прыняць
"Дзе вы бачылі мужыка, які разумее ЛГБТ? Вось, адзін перад вамі!" — кажа Алег Гаеўскі, 84-гадовы бацька лесбіянкі Стэлы. Каб прыняць гомасексуальнасць дзіцяці, трэба гэту з'яву зразумець, лічыць Алег.
У Беларусі сітуацыя з правамі ЛГБТ стабільна дрэнная, чыноўнікі публічна абражаюць ЛГБТ-грамадзян, называючы іх "падробкай". Тым не менш маладыя хлопцы і дзяўчаты аб'ядноўваюцца і змагаюцца за свае правы, а вось іх бацькі часцей за ўсё перажываюць усё ў адзіноце.
Прычына гамафобіі ў тым, што людзі проста не разумеюць прыроду з'явы. Іх трэба адукоўваць, лічыць Алег: "Змагацца з гамафобіяй я буду, пакуль не лопну. А як змагацца? Трэба проста ісці да людзей. Яны ўсё зразумеюць".
Дачка ўхваляе барацьбу таты за правы ЛГБТ, дасылае яму артыкулы на тэму. Сама Стэла даўно не жыве ў Беларусі, яна паездзіла па свеце і пасялілася ў Сан-Францыска. Алег лічыць, што дачка выбрала гэты горад, таму што там, у адрозненне ад Беларусі, ЛГБТ жывуць лёгка і свабодна.
Гісторыі беларускіх бацькоў, якія прынялі сваіх ЛГБТ-дзяцей, чытайце на Euroradio.
Малдова. Бацькі дапамагаюць адно аднаму
"Бомба трапіла ў наш дом", — так Алена Анмегікян апісвае момант, калі сын Максім прызнаўся ёй, што ён гей. Пра тое, каб спыніць адносіны з сынам, не было і гаворкі, але па-сапраўднаму прыняць Максіма было цяжка.
У Малдове бацькі часта ўспрымаюць гомасексуальнасць дзяцей як трагедыю, грамадства ў цэлым негатыўна ставіцца да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Алене прыняць сына дапамаглі іншыя бацькі.
У групу ўзаемадапамогі бацькоў ЛГБТ Алену з мужам прывёў сын. "З таго моманту як яны знайшлі там падтрымку і разуменне, яны працягваюць хадзіць. Гэтая група дапамагла ім пазбавіцца ад пачуцця віны, — кажа Максім. — Я думаю, што ў іх было такое пачуццё, што яны нешта зрабілі няправільна, магчыма, не выхавалі мяне як след, што, магчыма, гэта іх памылка як бацькоў".
Максім з'ехаў з Малдовы і цяпер жыве ў Англіі. Алена ўсё роўна працягвае хадзіць на сустрэчы групы і ўжо дапамагае іншым бацькам прыняць сваіх дзяцей.
Пра сем'і, якім дапамагла група падтрымкі, чытайце ў артыкуле Ziarul de Gardă.
Грузія. Бацькі становяцца актывістамі
"З нараджэннем кожнага квір-дзіцяці "нараджаюцца" і квір-бацькі", — лічыць Нана Панцулая. Яна не толькі прымае гомасексуальнасць дачкі, але і актыўна змагаецца за правы ЛГБТ у Грузіі. 17 мая 2013 года Нана стаяла побач з дачкой, калі натоўп, вядзёны святарамі, напаў на людзей, якія выйшлі на акцыю супраць гамафобіі.
У Грузіі спецыяльным законам забаронена дыскрымінацыя на падставе сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці. Закон ёсць, але ён неэфектыўны, дыскрымінацыя працягваецца, лічаць праваабаронцы, а само грузінскае грамадства застаецца вельмі гамафобным.
Марыям, дачка Наны, з'ехала з Грузіі і ўжо некалькі гадоў жыве ў ЗША. "Тут камяні ў мяне на вуліцы ніхто не кідаў, валасы ў грамадскім транспарце не выдзіралі, аплявухі ў начных клубах не давалі, ніхто не спрабаваў згвалціць з-за сексуальнай арыентацыі, — кажа Марыям. — А гэта ўсё рэальна са мной адбывалася ў Грузіі, гэта ўсё я адчувала на сваёй шкуры і не адзін раз".
Гісторыі грузінскіх ЛГБТ і іх бацькоў — у матэрыяле JAM-news.
ЛГБТ складана жыць свабодна ў краінах Усходняй Еўропы, яны з'язджаюць туды, дзе грамадства гатова іх прыняць. Бацькам, якія засталіся на радзіме, можа быць нават больш складана, чым іх ЛГБТ-дзецям. Але тыя сем'і, дзе бацькі прынялі сваіх дзяцей, захоўваюць па-сапраўднаму блізкія адносіны і падтрымліваюць адно аднаго.
Над праектам у рамках "Медиасети" працавалі: Дзмітрый Аваліяні, Кацярына Аляксандр, Вольга Булат, Марыя Вайтовіч, Хація Гагаберыдзэ, Ігар Іанэску, Святлана Казлова, Маша Калеснікава, Андрэй Мамай, Павел Хадзінскі, Алёна Чуркэ і Мэйдан ТБ.