Па БТ паказалі інтэрв'ю Рыка Крыгера, прысуджанага да расстрэлу

Рыка Крыгер

Рыка Крыгер / "Беларусь 1"

Увечары 25 ліпеня на тэлеканале "Беларусь 1" паказалі інтэрв'ю з грамадзянінам ФРГ Рыка Крыгерам, прысуджаным у Беларусі да расстрэлу. Наколькі добраахвотным было гэтае інтэрв'ю, невядома. Беларускія сілавікі і прапагандысты, як не аднойчы паведамлялася раней, прымушаюць людзей да запісу відэа.

Крыгер у сюжэце пацвердзіў, што раней працаваў ахоўнікам у амбасадзе ЗША ў Берліне і санітарам-выратавальнікам нямецкага Чырвонага Крыжа. Ён распавёў, што глядзеў навіны з Украіны і вырашыў, што зможа там спатрэбіцца. Паведамляецца, што ён адправіў заяўкі ва ўсе ўкраінскія добраахвотніцкія фармаванні, якія мог знайсці. Неўзабаве з ім звязаўся невядомы і прапанаваў вылецець у Мінск для выканання важных заданняў. Пры поспеху яму абяцалі вяртанне ў Германію, адкуль ён адправіцца ва Украіну.

У Мінск замежнік прыляцеў 2 кастрычніка 2023 года рэйсам з Азербайджана. Ён праводзіў разведку ў Асіповічах, фатаграфаваў тэрыторыю в/ч 97 115, вайсковую тэхніку, а таксама чыгунку на станцыі Азярышча.

5 кастрычніка яму сказалі выехаць па каардынатах і забраць заплечнік. Крыгер павінен быў пакінуць груз каля вагона на чыгуначнай станцыі Азярышча. Вагона не было. Таму ён у адпаведнасці з інструкцыяй пакінуў заплечнік проста на чыгуначных шляхах і паехаў у гатэль.

Каля 23:30 на станцыі Азярышча прагрымеў выбух. Як заяўляла "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі", выбух не пагражаў пасажырскім цягнікам, якія ў гэты час не ідуць праз станцыю і не ходзяць па тых каляінах, дзе адбыўся выбух.

У выніку інцыдэнту пацярпелых не было, а шкода склала 516 долараў. На судзе адзін са сведкаў расказаў, што 6 кастрычніка на каляінах, дзе адбыўся выбух, мусілі грузіць ваенную тэхніку, але праз інцыдэнт пагрузку затрымалі.

Паводле Крыгера, пасля затрымання ён сустракаўся з нямецкімі дыпламатамі, але яны яму ўжо нічым дапамагчы не маглі. Суд у Беларусі прызнаў яго вінаватым па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса (у тым ліку — у тэрарызме) і прысудзіў да смяротнага пакарання. Саа Крыгер прызнаў толькі абвінавачанне ў агентурнай дзейнасці.

Мужчына сказаў, што спадзяецца на памілаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі