Пацвердзіліся найгоршыя прагнозы: Юры Бандажэўскі пра наступствы Чарнобыля
Былы рэктар Гомельскага медуніверсітэта Юры Бандажэўскі ўсе гэтыя гады ва Украіне працягваў вывучаць пытанні ўплыву малых доз радыяцыі на здароўе чалавека.
Ён займаўся гэтай праблемай яшчэ ў Беларусі. У 1996 годзе яго асудзілі нібыта за атрыманне хабару ад студэнта, але праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала яго палітвязнем. Праваабаронцы палічылі, што прафесара пераследавалі за яго крытыку ўладаў у чарнобыльскім пытаньні. Чыноўнікі гаварылі і працягваюць гаварыць, што сур'ёзнай праблемы няма, і чарнобыльскія землі трэба "вяртаць да жыцця".
Па словах Бандажэўскага, усе яго ранейшыя прагнозы пра ўплыў малых доз радыяцыі на здароўе людзей пацвердзіліся "ў найгоршым варыянце".
"Мы даследавалі праблему ўкраінскіх тэрыторый, якія, паводле афіцыйнай статыстыкі, нібыта менш пацярпелі, і ўбачылі больш чым у 70 працэнтаў дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў парушэнні абмену жыццёва важных амінакіслот", — расказаў ён у інтэрв'ю "Радыё Свабода".
Парушэнне абмену амінакіслот прыводзіць, паводле яго слоў, "да анкалогіі, да парушэнняў згусальнасці крыві, у выніку чаго развіваюцца трамбозы, інфаркты і інсульты".
Гэта тлумачыць, падкрэслівае Бандажэўскі, чаму стала столькі раптоўных смерцяў у маладым узросце.
Ён настойвае, што праблема Чарнобыля нікуды не сышла — нават з улікам таго, што перыяд паўраспаду цэзію практычна завершаны.
"Доўгатрывалыя радыяэлементы да гэтага часу прысутнічаюць у глебе, раслінах і на значнай адлегласці ад Чарнобыльскай АЭС. Вялікая колькасць людзей працягвае знаходзіцца пад уздзеяннем, спажываючы лясныя ягады і грыбы, мяса дзікай жывёлы, прадукты сельскагаспадарчай дзейнасці. У глебе шмат не толькі цэзію, але і стронцыю-90, які якраз цяпер выходзіць на даміноўныя пазіцыі, і людзі з ім сутыкаюцца", — кажа Бандажэўскі.
Прафесар Бандажэўскі перакананы, што тэрыторыя, небяспечная для пражывання і вядзення гаспадарчай дзейнасці "не паменшылася, калі сур'ёзна і скрупулёзна глядзець на наяўную праблему".
"Пры супрацоўніцтве з украінскімі даследчыкамі, якія замяралі наяўнасць цэзію і стронцыю ў глебе праз 30 гадоў і зрабілі дакладную картаграфію забруджвання, мы прыйшлі да высновы, што плошчы не зменшыліся, а канцэнтрацыя стронцыю ў прадуктах харчавання і ў попеле, які ўтвараецца пры спальванні драўніны, застаецца", — прывёў ён аргументы на карысць свайго пункту гледжання.
Між тым Аляксандр Лукашэнка ў 35-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС сабраў у Брагіне нараду па адраджэнні чарнобыльскіх зямель на поўдні Беларусі. На сустрэчы ідзе гаворка пра эфектыўнае выкарыстанне і ўцягванне ў абарот зямель Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і вакол яго, перадае БЕЛТА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.