Самае цяжкае ў індустрыі — туды трапіць. Беларус стварыў свет S.T.A.L.K.E.R. 2

Беларус працуе ва ўкраінскай студыі і стварае свет S.T.A.L.K.E.R. 2
Сярод гульняў адным з галоўных хітоў канца 2024-га стала S.T.A.L.K.E.R. 2 ад украінскай студыі GSC Game World. Руку да яе стварэння прыклаў і беларускі гейм-дызайнер і арт-мастак Дзмітрый Аношка.
Еўрарадыё паразмаўляла са Дзмітрыем пра прафесію, працу ва ўкраінскай кампаніі падчас вайны і пасхалкі для беларусаў у міжнародным хіце.
Ад камп'ютарных клубаў — да працы над гульнямі
Дзмітрыю 34 гады, ён нарадзіўся ў Гомелі, скончыў школу з архітэктурна-мастацкім ухілам, потым паступіў у БДЭУ. У гульнявую індустрыю прыйшоў амаль у 30 гадоў.
— Да гэтага я спрабаваў сябе ў розных сферах: ад вытворчасці вырабаў са скуры да гандлю на біржы. Перыядычна гэта давала вынікі, але ненадоўга. У нейкі момант я захапіўся інтэр'ернай візуалізацыяй, атрымаў мінімальныя веды для ўваходу індустрыю. Потым прайшоў курс па лэвэл-арце [стварэнне "ўзроўняў" у гульнях] у Unreal Engine, паралельна зрабіў партфоліа і атрымаў запрашэнне на працу ў Кіеве.
Паводле Дзмітрыя, гульнямі ён захапіўся ў дзяцінстве — у перыяд буму камп'ютарных клубаў. Асабліва яму падабаліся розныя лакацыі.
— Усё жыццё я надаю ўвагу асяроддзю, міжвольна прыкмячаю розныя дробязі. Напрыклад, як патрэсканы асфальт, як з яго расце трава, як выглядаюць дамы, як раскіданае смецце ля кантэйнера, якая планіроўка ля месца, у якім я знаходжуся ўпершыню. Я нават у рэдактарах рабіў нейкія гульнявыя карты для Warcraft 3. Можна сказаць, гэта быў мой першы досвед лэвэл-артыста і лэвэл-дызайнера.
А крыху пазней Дзмітрый наткнуўся ў YouTube на ролікі з тэматыкай level art і зразумеў, што хоча займацца менавіта гэтым.
Працаваць над "Сталкерам" было марай
Дзмітрый прызнаецца, што працаваць над S.T.A.L.K.E.R. 2 было яго галоўнай мэтай і марай, але было адчуванне, што трапіць у кампанію проста немагчыма.
— Самае складанае ў індустрыі — туды трапіць. Я даслаў сваё рэзюмэ ў GSC, рабіў праекты ў партфоліа ў стылістыцы S.T.A.L.K.E.R. 2, але так і не атрымаў запрашэння на працу. Потым я ўладкаваўся ва ўкраінскую студыю, мне пачалі прыходзіць запрашэнні з іншых кампаній, і адной з іх была GSC. Адразу мне здалося няправільным сыходзіць з кіеўскай студыі, у якой я тады працаваў. Але праз год я ўсё ж перайшоў у GSC.
Пра працу лэвэл-артыстаў
Задача лэвэл-артыста заключаецца ў тым, каб ператварыць узровень, які складаецца з асобных дэталяў, у прыгожы і візуальна цікавы свет, кажа Дзмітрый. Пры гэтым важна ўлічваць нюансы геймплэйнага і тэхнічнага характару.
Нават нягледзячы на доўгае чаканне і вайну ва Украіне, гульня зрабіла фурор. Цяпер у GSC ідзе праца над першым дадаткам, а Дзмітрый стане арт-дырэктарам гэтага праекта.
— Планую зрабіць наша DLC максімальна цікавым з пункту гледжання арту. Я хачу даць нашым гульцам нешта новае, чаго не было ў асноўнай версіі гульні. У нас вялікія планы і шмат працы, але мы моцная і дасведчаная каманда, якая ўжо даказала, што здольная спраўляцца з любымі задачамі ў самых складаных жыццёвых умовах.
Што такое S.T.A.L.K.E.R. 2?
Гэта камп'ютарная гульня ў жанры шутара ад першай асобы з адкрытым светам, распрацаваная ўкраінскай кампаніяй GSC Game World.
Дзеянне гульні адбываецца ў постапакаліптычнай зоне вакол Чарнобыльскай АЭС.
Гульня была анансаваная яшчэ ў 2010 годзе і мусіла выйсці ў 2012 годзе, але першапачатковы праект быў адменены. У 2018 годзе GSC Game World абвясціла пра аднаўленне распрацоўкі. Выхад гульні адбыўся 20 лістапада 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.