Падземную царкву ХІІ стагоддзя знайшлі археолагі ў Полацку

Падземную царкву ХІІ стагоддзя знайшлі археолагі ў Полацку

У Полацку падчас археалагічных раскопак каля сцен Спаса-Праабражэнскага сабору знайшлі рэшткі падземнай царквы, перадае Радыё "Свабода". Як мяркуюць спецыялісты, гэта ўнікальнае збудаванне ХІІ стагоддзя, аналагаў якому ў Старажытнай Русі не ведаюць.

У царкве захаваліся рэшткі старажытнага прастола, фрэскі з абліччамі і літарамі, фрагмент абраза з Георгіем Пераможцам.

Раскопкі каля сцен полацкага храма пачаліся ў 2015 годзе. Іх праводзяць спецыялісты расійскага Дзяржаўнага Эрмітажа з дапамогай студэнтаў і выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Тры гады таму адкапалі фрагменты старажытнай драўлянай царквы. Яна папярэднічала каменнаму Спаса-Праабражэнскаму храму. Тады ж высветлілася, што раней храм быў аточаны каменнымі прыбудовамі-галерэямі.

У 2017 годзе, раскопваючы паўднёвы фасад, археолагі высветлілі, што да сцяны царквы прымыкала старажытная алерэя, падзеленая на некалькі памяшканняў. Адно з іх, ва ўсходняй частцы галерэі, завяршалася невялікай апсідай: там, верагодна, у старажытнасці размяшчаўся прастол.

Сёлета ў паўднёва-заходняй частцы галерэі выявілі заглыбленую ў зямлю пабудову, перакрытую скляпеннем. Даследаванні паказалі, што гэта падземная царква — 3,6 метра ў даўжыню, 1,4 метра ў шырыню. У цэнтры захаваліся рэшткі старажытнага прастола.

Археолагі не выключаюць, што гэты падземны храм выкарыстоўваўся як пахавальня. Пра гэта сведчыць глыбокая ніша ў паўночнай сцяне, перакрытая аркай. Звычайна ў такія нішы размяшчалі пахаванні або мошчы.

"Аналагаў гэтаму на тэрыторыі Старажытнай Русі няма. Пры раскопках у інтэр’еры падземнай царквы былі выяўленыя цікавыя знаходкі: фрагменты керамічнага абраза, на якім захавалася частка надпісу, і малюнкі з выявай пакутніка Георгія Пераможцы, у гонар якога мог быць асвечаны гэты падземны храм. Таксама знойдзеныя дэталі хорасу XII стагоддзя, фрагменты керамічнага посуду, пліткі падлогі, кавалкі смальты рознай формы. Упершыню ў Полацку знайшлі кавалкі тынкоўкі з графіці ў выглядзе крыжыкаў. Знойдзены свінцовы ліст пакрыцця, кавалкі свінцу — мяркуецца, што збудаванне, якое размяшчалася над падземнай царквой, мела свінцовае пакрыццё даху", — кажа старшы выкладчык Полацкага ўніверсітэта Аляксей Коц, які ўдзельнічаў у раскопках.

У наступным годзе раскопкі будуць працягвацца. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі