Памёр пісьменнік Юрый Станкевіч
У пятніцу памёр беларускі пісьменнік Юрый Станкевіч, паведамляюць у сацсетках блізкія літаратара. Яму было 76 гадоў.
Сапраўднае імя пісьменніка — Георгій Харытановіч. Нарадзіўся ў Барысаве. Бацька пісьменніка ў 1946 годзе быў рэпрэсіраваны па 58-м артыкуле Крымінальнага кодэкса і накіраваны ў Карагандзінскі выпраўленча-працоўны лагер.
Юрый рана кінуў школу і пачаў працаваць. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у "Барысаўскай аб’яднанай газеце". Неўзабаве пераехаў у Мінск. Быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела часопіса "Маладосць", загадчыкам аддзелу часопіса "Крыніца". З 1990 года — член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пачаў літаратурную дзейнасць у 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцей і апавяданняў, а таксама каля дзясятка п'ес і кінасцэнарыяў. У большасці сваіх твораў маляваў апакаліптычную карціну рэчаіснасці, якая чакае чалавецтва ў недалёкай будучыні.
Важнейшымі кнігамі Станкевіча з'яўляюцца "Любіць ноч — права пацукоў" (2000), "Апладненне ёлупа" (2005), "Мільярд удараў" (2008), "П’яўка" (2010). Творы перакладзены на некалькі моў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.