Пазняк: Мы цяпер назіраем дэградацыю гнілой імперыі на Усходзе

Пазняк: Мы цяпер назіраем дэградацыю гнілой імперыі на Усходзе

Каля 50 чалавек прынялі ўдзел у санкцыянаваным шэсці і мітынгу ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якое адбылося 8 лістапада ў Мінску ў Лошыцкім яры. Акцыя была прымеркаваная да дня памяці продкаў “Дзяды” і яе традыцыйна арганізавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ.

Пасля збору ля палаца культуры “Лошыцкі” дэманстранты прайшлі да Лошыцкага яра, дзе адбыўся мітынг. З-за непагадзі ён доўжыўся паўгадзіны замест заяўленых паўтара гадзінаў.


На мітынгу зачыталі зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка, які знаходзіцца ў эміграцыі.  Кіраўнік партыі звярнуўся да ўспамінаў жыхаркі Лошыцы, якія запісаў у 1980-я гады. Паводле гэтых успамінаў, каля расстрэлаў увесь час круціліся мясцовыя камсамольцы, якія прасілі ў супрацоўнікаў НКУС даць ім пастраляць у “ворагаў народа”. “Ім давалі пастраляць і плацілі па 50 капеек за гэта — нікчэмныя па тых часах грошы. Гэта “цітушкі” 30-х гадоў. Мы і цяпер паўсюль назіраем іх злачынную дзейнасць — і на Каўказе, і ва Украіне, і ў нас, у Беларусі”, — заявіў Пазьняк.

Па яго думку, цяпер мы назіраем дэградацыю “гнілой імперыі” на ўсходзе. “Калі яна разваліцца канчаткова, усё чалавецтва ўздыхне з палёгкай”, — лічыць палітык. 

Удзельнікі акцыі памяці праспявалі гімн “Магутны Божа” і ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў. За шэсцем і мітынгам назіралі сілавікі ў цывільным, якія здымалі акцыю на відэакамеры, перадае БелаПАН.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі