Пісьменнікі з недзяржаўнага Саюза адмовіліся саджаць дрэвы разам з Чаргінцом
У Беларусі ёсць дзве пісьменніцкія арганізацыі: дзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі, які ўзначальвае Мікалай Чаргінец, і апазіцыйны Саюз беларускіх пісьменнікаў пад кіраўніцтвам Барыса Пятровіча. 1 лістапада СПБ запрасіў сябраў СБП разам саджаць дрэвы ў Парку пісьменнікаў за Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
"З вуснаў міністра ўнутраных справаў мы чуем размовы пра “жэстачайшую лібералізацыю”, а ў той жа час вядомага творцу, немаладога ўжо чалавека, саджаюць у ізалятар за інтэрв’ю для журналістаў. Нават не за ўдзел у акцыі ці заклік ісці на яе, а за выказанае ім прыватнае меркаванне пра сітуацыю ў Беларусі, — заяўляе з гэтай нагоды старшыня СБП Барыс Пятровіч. — У той жа час праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі запрашае нас разам саджаць дрэвы ў Парку пісьменнікаў каля Нацыянальнай бібліятэкі. Зразумела ў гэтай сітуацыі мы не можам прыняць такую прапанову, бо яна выглядае блюзнерствам. Калі ўлады саджаюць у ізалятар пісьменнікаў і сяброў нашай Рады, мы не можам саджаць дрэвы разам з Чаргінцом”.