У Мінску можа з'явіцца плошча Васіля Быкава і "Парк пісьменнікаў"

У Мінску можа з'явіцца плошча Васіля Быкава і "Парк пісьменнікаў"

Саюз пісьменнікаў Беларусі шукае месца для помніка Васілю Быкаву і вуліцы ў яго гонар. Ёсць некалькі варыянтаў. Самы відавочны — паставіць помнік побач з Домам літаратара на вуліцы Фрунзе. Але гэта не самы просты варыянт, распавядае Еўрарадыё старшыня СПБ Мікалай Чаргінец:

"Ёсць супрацьдзеянне з боку сваякоў тых пісьменнікаў, якія ўзначальвалі наш Саюз. Бо Быкаў яго не ўзначальваў. Гэта не дробязі, але, спадзяюся, гэтыя пытанні мы можам вырашыць".

Таксама Чаргінец мае намер змяніць назвы некалькіх мінскіх вуліц:

— Скажам, назву вуліцы Першамайскай памяняць на вуліцу Быкава, — кажа старшыня СПБ.
— Вы ўяўляеце, якое будзе супраціўленне з боку ветэранаў? 
— перапытвае Еўрарадыё.
— Так, але будзем пераконваць кіраўніцтва. Мы нават больш прапануем. Вуліцу Першамайскую перайменаваць у гонар Фрунзе, а вуліцу Фрунзе, дзе знаходзіцца Дом літаратара, — у гонар Быкава. Разважаем цяпер, думаем. Ідэя мусіць выспець.

Яшчэ адзін варыянт — стварыць плошчу Васіля Быкава на месцы аўтастаянкі на сутыкненні вуліц Казлова і Даўгабродскай:

У Мінску можа з'явіцца плошча Васіля Быкава і "Парк пісьменнікаў"
Скрыншот: "Яндэкс".

"Вось мне бачыцца там плошча Быкава. І помнік там можна паставіць, — дадае Чаргінец. — Месца добрае. У горадзе мы наўрад ці знойдзем лепшае, у цэнтры ўсё забітае. А гэта цэнтр. Да плошчы Перамогі пяць хвілінаў".

Яшчэ адзін праект Саюза пісьменнікаў Беларусі — "Парк пісьменнікаў", месца для якога знайшлося за Нацыянальнай бібліятэкай.

У Мінску можа з'явіцца плошча Васіля Быкава і "Парк пісьменнікаў"

"Там і вуліца Скарыны, і помнік Скарыну. Там можна зрабіць "Парк пісьменнікаў". Не "Саюза пісьменнікаў", а проста пісьменнікаў. Мы хочам запрасіць і іншы Саюз [недзяржаўны "Саюз беларускіх пісьменнікаў. — Еўрарадыё]. Увосень будзем вялікую колькасць дрэваў саджаць. Можна алею народных пісьменнікаў зрабіць. 

Мінгарвыканкам падтрымаў маю прапанову. Учора [7 жніўня. — Еўрарадыё] я атрымаў ліст — яны прапануюць ці зрабіць "Сквер пісьменнікаў" на вуліцы Мележа ці ў раёне бібліятэкі зрабіць парк. Але я праехаў па Мележа — там, па-першае, вузкае месца, а па-другое, ужо ўсё засаджана вялікімі дрэвамі. А тут — выдатнае месца. Думаю, мы збяромся ўсімі пісьменнікамі, якія гэтага пажадаюць, і без усякіх палітычных рэчаў зробім помнік пісьменнікам Беларусі", — сцвярджае Мікалай Чаргінец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі