Польшча падтрымлівае пазоў Літвы, заклікаем далучыцца іншых — Ціханоўская
Святлана Ціханоўская
"Польскае МЗС афіцыйна заявіла, што поўнасцю падтрымлівае пазоў у Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі", — пра гэта Святлана Ціханоўская заявіла на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 3 кастрычніка.
У сваім выступе лідарка беларускіх дэмсілаў падкрэсліла, што краіны-суседкі Беларусі істотна пацярпелі ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі і гатовыя дамагацца справядлівасці. Таксама яна заклікала іншыя краіны падтрымаць Літву і накіраваць аналагічныя запыты ў суд.
"Польшча, Літва, а таксама Латвія і Украіна найбольш пацярпелі ад дзеянняў рэжыму і зацікаўленыя ў тым, каб дыктатар урэшце быў прыцягнуты да адказнасці. Месяц таму Украіна таксама афіцыйна далучылася да Рымскага статуту. Гэта значыць, што калі будзе распачата расследаванне ці выдадзены ордар на арышт, то Украіна таксама будзе абавязаная яго выконваць. Гэта асабліва важна ў кантэксце ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны", — заявіла Ціханоўская.
Урад Літвы 30 верасня падаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пазоў аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці. Лукашэнкаўскі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў назваў гэта "чарговай антыбеларускай палітычнай акцыяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.