Літва перадала ў Міжнародны суд у Гаазе дакументы па злачынствах Лукашэнкі

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе / Getty Images

Урад Літвы 30 верасня афіцыйна перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэрыялы па трансгранічных злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК).

Гэтыя злачынствы адбываліся як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін-удзельніц Рымскага статута. Таму патэнцыйна яны трапляюць у юрысдыцкцыю Міжнароднага крымінальнага суда.

Дакументальную базу па злачынствах, учыненых вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам рэжыму, сабрала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Яно перадало звесткі ўраду Літвы. А той прыйшоў да высновы, што існуе дастаткова падставаў меркаваць, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці.

Каментуючы гэтую падзею, кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская заявіла: "Літва стала першай краінай, якая скарысталася сваім правам у рамках Рымскага статута і звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя рэжымам ў Беларусі. Мы ўдзячныя ўраду Літвы за прынцыповае рашэнне і дзеянне. Для соцень тысяч пацярпелых, для ўсіх ахвяр рэпрэсій гэтае дае надзею. Надзею на справядлівасць, надзею на тое, што злачынствы не застануцца без пакарання. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да міжнароднай адказнасці, рэпрэсіі — спыненыя. Усе незаконна асуджаныя павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя".

Намеснік Ціханоўскай Павел Латушка заявіў, што перадача такіх дакументаў у МКС з'яўляецца першым прэцэдэнтам у гісторыі. Дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала на разгляд Офіса пракурора сітуацыю ў дзяржаве, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага статута.

"Акрамя таго, упершыню ў фокусе ўвагі МКС будзе кантэкст маштабных міжнародных злачынстваў у Беларусі. І гэты крок, гэты прэцэдэнт і гэты працэс ужо нельга спыніць. Адказнасць за гэтыя злачынствы – немінучая", — падкрэсліў Латушка, які сёння прыехаў у Гаагу.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікаюць краіны-ўдзельніцы Рымскага статута падтрымаць ініцыятыву Літвы, забяспечыць правасуддзе і прыцягнуць Лукашэнку і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі