Польская амбасада патлумачыла, ў чым праблема з запісам на візу
Беларусы сутыкнуліся з праблемай рэгістрацыі на атрыманне візы ў польскай амбасадзе і консульствах. Некаторым кажуць, што падаць дакументы на шэнгенскую візы немагчыма ажно да канца лета. Прычыну такой сітуацыі высвятляў TUT.by
Першы дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі патлумачыў парталу, што болей за палову (54%) усіх выдадзеных у нашай краіне шэнгенскіх візаў прыпадаюць акурат на польскае дыппрадстаўніцтва. Каб задаволіць попыт на турыстычныя візы, польскія консульствы выдзелілі ў электроннай сістэме спецыяльныя ліміты месцаў кампаніі, якая прымае візавыя анкеты.
“Месцы, як правіла, выдзяляюцца на некалькі тыдняў наперад. Цяпер частка месцаў забраніраваная да сярэдзіны ліпеня. Такім чынам, інфармацыя пра тое, што ўсе месцы забраніраваны да канца лета, не адпавядае рэчаіснасці”, — паведаміў прадстаўнік польскай амбасады.
Ліміты вызначаюць у адпаведнасці з магчымасцямі польскіх консульскіх устаноў, а таксама з улікам ліміту месцаў, прызначаных для грамадзян, якія выязджаюць з іншымі мэтамі — напрыклад, расце колькасць працоўных віз, тлумачаць у дыппрадстаўніцтве.
Таксама там звяртаюць увагу на тое, што беларускія ўлады прынцыпова не даюць згоды на пашырэнне штата консульскіх устаноў Рэспублікі Польшча, гэта значыць на павелічэнне колькасці консулаў. Нягледзячы на гэта, колькасць турыстычных візаў, выдадзеных ад пачатку 2018 года да гэтага часу, не знізілася ў параўнанні з мінулым годам.
У мінулым, 2017 годзе Польшча выдала ў Беларусі 418 тысяч візаў, на 5% больш, чым у 2016 годзе.