Прэзентацыя на Еўрарадыё: "Песня пра балота" ад гурта TonqiXod
Гурт TonqiXod прадстаўляе на Еўрарадыё "Песню пра балота", якая анансуе выхад новага, другога па ліку альбома каманды.
"Песня пра балота" добра кладзецца ў шэраг нашых рэльефацэнтрычных песень. Напрыклад, наш першы сінгл "Насыпаць горы" быў пра горы і іх адсутнасць. У дадзеным выпадку балота ёсць метафарай невытлумачальнага, нечаканага кахання, якое крыху пужае і зацягвае глыбей і глыбей, — усміхаюцца музыкі гурта TonqiXod. — З другога боку, гэта вельмі карысная песня, яна мае вялікую адукацыйную вартасць, бо ў ёй задорна спяваюцца адметныя беларускія словы, што называюць розныя віды балот. Таму песню можна выкарыстоўваць як слоўнікавую запаміналку".
Гурт падкрэслівае, што "Песня пра балота" — адзін з "папсовых" нумароў новага альбома. Таму цалкам скласці ўражанне па "Песні пра балота" аб тым, як будзе гучаць увесь дыск, нельга. Да таго ж гэтая песня запісаная асноўнымі сіламі гурта, у запісе ж іншых трэкаў бралі ўдзел запрошаныя музыкі.
"Можна будзе пачуць, напрыклад, фагот, — здзіўляе TonqiXod. — Да таго ж, як і з дэбютнікам "Прадмова", мы пастараліся зрабіць альбом разнастайным, каб слухалася цікава і трэкі адцянялі адзін адзін. Ну і, натуральна, усе козыры і цікавосткі не хацелася адразу напаказ выстаўляць".
Прэзентацыя новага альбома TonqiXod адбудзецца 15 чэрвеня на мультылэйбле "Пяршак".