TonqiXod: Мы не цураемся панку: хочацца “падзяўбці” — “дзяўбём”

TonqiXod: Мы не цураемся панку: хочацца “падзяўбці” — “дзяўбём”

15 чэрвеня гурт TonqiXod прадставіў свой другі лонгплэй пад назвай “Колер якога няма”. Чым ён адметны, што ў ім робіць фагот і навошта гурту інструментальныя трэкі — удзельнікі каманды Уладзь Лянкевіч і Максім Субач распавялі ў жывым эфіры Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Ад выхаду дэбютніка “Прадмова” да выхаду “Колеру, якога няма” прайшло два з паловай гады. Як за гэты час змяніўся гурт і ваша музыка?

Максім Субач: Мы пачалі ставіць яшчэ большую планку, зрабіліся больш патрабавальнымі да сябе як да музыкаў і да свайго матэрыялу.

Еўрарадыё: Лямант, хаос і вэрхал па-ранейшаму характарызуюць вашу музыку і перадаюць яе змест?

Уладзь Лянкевіч: Гэта трапныя словы, і, думаю, у вялікай ступені гэта так. Да таго ж, між іншага, гэта назва нашага ЕР, які выйшаў летась. Дзве песні адтуль, крыху рэдагаваныя, увайшлі і ў поўнафарматнік. Яны арганічна ўпісаліся ў змест новага альбома.

Еўрарадыё: “Песня пра балота” з “Колеру” цягнецца каля васьмі хвілін. Астатнія таксама такія шырокамаштабныя?

Максім Субач: На жаль, так (смяюцца). Мы з усіх сілаў імкнуліся рабіць песні карацейшымі, але не атрымліваецца.

Уладзь Лянкевіч: Лаканічнае выказванне — не наш канёк. Гэта атрымліваецца ў Сяргея Пукста, які робіць яго на хвіліну дваццаць секунд і кажа за гэты час тое, што хоча сказаць. Нам хочацца абсмакаваць музычную тэму і з гэтага боку, і з таго, хаця ёсць і пяціхвілінныя кампазіцыі, карацейшыя. У новым альбоме восем кампазіцый, якія агулам гучаць каля 50 хвілін, — не хацелася стамляць слухача. Увогуле, да выбудовы альбома мы падыходзім вельмі адказна. Хочацца ствараць сапраўды завершаныя кампазіцыі, якія можна было б ну зусім не здурнеўшы праслухаць, каб штосьці адклалася і не было кашы ў галаве. 

TonqiXod: Мы не цураемся панку: хочацца “падзяўбці” — “дзяўбём”

Еўрарадыё: Ваш мінулы альбом быў пра горы і іх адсутнасць. У новым ёсць балота як метафара кахання. Якую канцэпцыю вы прыдумалі гэтым разам?

Максім Субач: Песні, якія ўвайшлі ў новы альбом, накопліваліся доўгімі гадамі. Таму частка іх па духу адпавядае першаму альбому, а другая моцна адрозніваецца. Была праблема дапасаваць іх адна да адной і выбудаваць паслядоўнасць, каб яны не адцянялі адна адну, а дапаўнялі.

Уладзь Лянкевіч: Таксама трэба дадаць, што ў альбоме ёсць дзве інструментальныя кампазіцыі. У першую чаргу мы кіраваліся музычным складнікам і музычнай логікай пабудовы матэрыялу. Таму што да нейкай канцэпцыі на ўзроўні зместу, тэкстаў у мяне як аўтара тэкстаў такі погляд, што гэта я тут і цяпер пішу, што я як асоба ёсць, я прыслухоўваюся да чагосьці. То бок у тэкставым плане гэта такі злепак нас тут і цяпер. Таму нейкай адмысловай вялікай і магутнай канцэпцыі, мне здаецца, проста трэба. Гэта быў бы поўны перагруз. Там і так хапае над чым думаць. 

Еўрарадыё: Пісаць інструментальныя творы цяжэй, чым песні?

Уладзь Лянкевіч: Па наіўнасці некалькі гадоў таму мне здавалася, што не будзем замарочвацца – запілім інструментал, і будзе ўсё класна. Але потым пачынаеш працаваць над рэальнай кампазіцыяй, якая не трымаецца на тэксце, што дапамагае арганізоўваць кампазіцыю. Ну, сыгралі тэму чатыры разы, і што цяпер? Гэта сапраўды больш цяжка, але вельмі цікава. Мы так ці інакш будзем вяртацца да інструментальных твораў.

Еўрарадыё: А ваш слухач увогуле гатовы да інструментальнай музыкі?

Уладзь Лянкевіч: Я заўсёды пазітыўна настроены да слухача і да чалавека як такога. Таму перакананы, што ёсць людзі, якія гатовыя слухаць усё, што заўгодна. Не без эксперыментальнага флёру, але гурт TonqiXod вельмі ўежны. Нічога надта экстравагантнага і звыш у нас няма, мы кіруемся мілагучнасцю.

Еўрарадыё: У запісе новага альбома ўзяло ўдзел не толькі вашае трыа, але і іншыя музыкі. Навошта вам гэта спатрэбілася?

Максім Субач: Мы шмат народу запрасілі, але не так шмат, як планавалі першапачаткова (смяюцца). Мы прыцягнулі фагот, саксафон, скрыпку, флейту і шматлікія галасы сяброў.

Уладзь Лянкевіч: А навошта… Хочацца, каб усё гучала разнастайна. Мы не любім нудную і нецікавую музыку. І калі заканчваюцца твае ідэі і магчымасці (ну, трывіяльна гучыць гітара), вазьмі і папрасі гэта сыграць на скрыпцы. Гэта будзе тры ноты, але загучыць эфектна і выдатна расквеціць твор. І мы ў прынцыпе вялікія прыхільнікі гурта Beatles. І паколькі яны рабілі аркестроўкі, мы лічым, што абавязкова павінныя ісці гэтым жа шляхам (смяецца). А калі каротка — чым больш, тым лепш. Гэта ж прыгожа проста.  

Еўрарадыё: Як ваш уласны арт-рок расце разам з вамі і што вы робіце, каб у ім не было ўласцівай жанру нагрувашчанасці і пафаснасці?

Уладзь Лянкевіч: Сакрэт у тым, што мы называемся арт-рокам, але спрабуем дамешваць занадта шмат не ўласцівых жанру рэчаў. Мы не цураемся і панкаўскіх, і постпанкаўскіх момантаў. Хочацца проста “падзяўбці” — “дзяўбём”. Некаторых арт-рокераў і аматараў прагрэсіву жаба б задушыла — як гэта? Я граю толькі адну ноту, а трэба адразу 25! Мы часам можам сабе гэта дазволіць, бо нам здаецца, што гэта на карысць. Да таго ж у нас саўнд такі — аблегчаны. Цяпер проста модны прагрэсіў-метал, з моцнымі цягучымі рыфамі. Я звычайна дзве-тры песні вытрымліваю і стамляюся. Увогуле, тое, што мы робім, мае уплыў класічнага брытанскага арт-року канца 60-х — пачатку 70-х. Але нехта кажа: гэта Pink Floyd, вы ўсё сперлі ў іх. Людзі няўважліва слухалі Pink Floyd? Хаця я заўсёды цешуся гэтым кампліментам, хоць у нас шмат крыніцаў натхнення і яны абсалютна розныя — ад фолку да рэпу і джазу.

Максім Субач: Мы ніколі не станем масавым гуртом, як і любы іншы гурт у Беларусі (смяюцца). Таму ці ёсць сэнс стрымліваць сябе?

Уладзь Лянкевіч: Рабі, каб было весела і забаўна.

Максім Субач: Рабі, каб не было сорамна за сваю музыку.

Уладзь Лянкевіч: Крыху больш авангардных уставачак будзе ў новым альбоме, пры гэтым ёсць і больш лагодныя месцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі