Беларускія музыкі зрабілі з песні Radiohead гімн самаізаляцыі і каранціну
Музыкі гуртоў Teleport, TonqiXod, luty sakavik, Subtonans, Eryk i Ja і Vuraj пераспявалі песню "No surprises" гурта Radiohead, зрабіўшы з яе беларускамоўны гімн самаізаляцыі і карантыну.
"У часы трывожнасці, нейкага агульнага неспакою людзям хочацца часам адчуць сябе ў бяспецы, а знаёмыя, пазнавальныя мелодыі і песні — добры для гэтага сродак. Наогул я ўсё больш граю на бас-гітары ў аўтарскіх праектах, таму нават для агульнага развіцця развучыць партыю з сусветнавядомай кампазіцыі — карысна ў гэтую эпоху татальнай пракрастынацыі і ўцёкаў", — пералічвае сэнсы музычнай калабарацыі удзельнік TonqiXod, luty sakavik, Eryk i Ja і інтэрпрытатар тэксту Тома Ёрка Уладзь Лянкевіч.
Ідэя выступаць анлайн з каверамі ў перыяд самаізаляцыі і назва #RadioQuarantine належыць гітарысту Vuraj Івану Арцімовічу.
"Усё пачалося з таго, што я неяк убачыў, як Backstreet Boys спяваюць у такім фармаце, і ад няма чаго рабіць запісаў кароценькі відос з гітарным каверам. Нечакана ён усім спадабаўся, людзі пачалі прасіць яшчэ запісваць. І я пачаў яшчэ запісваць кароценькія відосы, а потым запрасіў сяброў-музыкаў далучыцца, і вось у нас ужо 10 выпуск. Калі гэта неяк дапамагае людзям падняць настрой і трохі забыць пра праблемы, думаю, што гэта добрая справа, — кажа Іван Арцімовіч. — Да таго ж, я практыкуюся іграць і запісваць".
Да "No surprises", "каб крыху разнастаіць паўізаляцыйнае жыццё", у межах #RadioQauarantine музыкі прэзентавалі кавер на стынгаўскі хіт "Shape of My Heart" у перакладзе Мікіты Найдзёнава.
"Усё роўна працы няма, — дадае лідар Teleport Яўген Цярэнц'еў. — Нехта у каментах сказаў Ваню: "А чаму без вакалу?" Ну Ваня падкінуў ідэю зрабіць з вакалам. І я тут, седзячы дома, практыкуюся з відэаздымкамі, прадакшнам і іншай фігнёй. Уражанні — заўсёды прыемна, калі людзі цябе слухаюць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.