Прэзідэнтка Грузіі прапануе рэферэндум наконт закону аб "замежных агентах"
Саломэ Зурабішвілі
28 траўня прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выступіла з прапановай правесці рэферэндум, на якім грузінскі народ скажа, выбірае ён еўрапейскі ці расійскі шлях для краіны, піша jam-news.net.
У аўторак, як распавядала Еўрарадыё, парламенцкая большасць пераадолела вета, якое Зурабішвілі наклала на закон аб "замежных агентах". За адмену вета прагаласавалі 84 дэпутаты ад кіруючай партыі "Грузінская мара".
Каля парламента сабраліся пратэстоўцы. Зурабішвілі звярнулася да іх праз анлайн-трансляцыю. "Вы абураныя сёння? Абурайцеся, але давайце таксама прыступім да справы", — заявіла яна і заклікала пачаць збіраць подпісы для ініцыявання рэферэндуму. Прэзідэнтка Грузіі паабяцала падпісаць рашэнне аб правядзенні рэферэндуму, "на якім мы выразна скажам, хочам мы еўрапейскую будучыню ці расійскае рабства".
Таксама яна прапанавала жыхарам Грузіі сур'ёзна рыхтавацца да парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца 26 кастрычніка. "Дзень выбараў стане нашым адказам сённяшняму дню", — падкрэсліла Зурабішвілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.