Прысуд у Слуцку: "дзед" заплаціць збітаму салдату 2000 рублёў
Суд Слуцкага раёна вынес прысуд па справе аб дзедаўшчыне, і ён ужо набыў законную сілу. Як інфармуе прэс-служба Генпракуратуры, летам мінулага года салдат мясцовай вайсковай часткі збіў салдата больш позняга прызыву. Ён намагаўся "падпарадкаваць яго свайму ўплыву", чапляўся з надуманай нагоды, а пасля ўдарыў па руцэ і нагах. У выніку ў хлопца выявілі закрыты пералом левай локцевай косткі — "менш цяжкае цялеснае пашкоджанне".
Падчас службовага расследавання "дзед" намагаўся пазбегнуць адказнасці — змяняў паказанні, прыдумляў розныя версіі, спрабаваў паўплываць на пацярпелага. Аднак на судзе салдат сваю віну прызнаў цалкам. Ён кампенсаваў медустанове выдаткі за лячэнне маладога вайскоўца, але не зрабіў "дзейсных захадаў, каб загладзіць шкоду".
Суд прызнаў "дзеда" вінаватым у гвалце над салдатам тэрміновай службы, які не быў "у адносінах падпарадкаванасці". Ён атрымаў тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама асуджаны заплаціць збітаму салдату 2000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.