Прыватныя пансіянаты не прымаюць састарэлых — людзі могуць апынуцца на вуліцы
Прыватныя дамы састарэлых адыходзяць у нябыт
З 1 кастрычніка ўлады Беларусі ўводзяць прымусовае ліцэнзаванне для прыватных сацыяльных пансіянатаў. Эксперты тлумачаць гэтую актыўнасць уладаў жаданнем пераарыентаваць сферу паслуг на дзяржсектар. Такое ўжо адбылося раней з таварыствамі ўладальнікаў жытла, фітнес-трэнерамі, дзіцячымі садкамі і школамі.
Еўрарадыё разбіралася, ці атрымаецца ў такіх умовах уладкаваць сваяка ў дом састарэлых.
"Павінныя адказаць тыя, хто прыдумаў гэтую працэдуру"
Еўрарадыё звязалася з адзінаццацю пансіянатамі (“Выток”, “Гасцінны”, “Старасць у радасць”, “Ціхая гавань”, “Пансіянат 5 зорак”, “Формула дабрыні”, “Жэмчуг”, “Цяпло любімых”, “Шаноўны ўзрост”, “Дапамога блізкіх”, “Ладэ”), і ўсюды нам адказалі, што вольных месцаў няма і невядома калі будуць.
З чым звязаны такі ажыятаж? Некалькі суразмоўцаў патлумачылі нам, што рэч у ліцэнзіі, якой ніхто не атрымаў.
Што будзе з людзьмі, якія ўжо знаходзяцца пад апекай прыватных пансіянатаў, іншы суразмоўца не змог сказаць.
“На жаль, я не магу адказаць на гэтае пытанне. На яго [пытанне] павінныя адказаць тыя, хто прыдумаў гэтую працэдуру. Па сутнасці атрымліваецца так, што людзі могуць апынуцца на вуліцы”.
Дзяржаўныя пансіянаты, да якіх мы датэлефанаваліся (“Гармонія”, “Крыніца”, Псіханеўралагічны інтэрнат №3), паведамілі, што месцы ёсць, але трапіць туды можна толькі праз пуцёўкі, якія выдаюцца мясцовымі выканкамамі пасля праходжання медкамісіі і збору неабходных дакументаў.
Вельмі імаверна, што праз адсутнасць прыватных дамоў састарэлых хутка ўзрасце попыт на паслугі прыватных сядзелак і нянек. Цяпер цана такой паслугі, паводле інфармацыі сэрвісу rabota.by, складае ад 900 да 2000 рублёў за месяц.
“Я не ведаю, як бы мы выжылі, калі б не было гэтых пансіянатаў”
Можа падацца, што нічога страшнага, калі сваяка можна аддаць толькі ў дзяржаўны пансіянат. Тут ужо каму як пашчасціць, але Алесь [імя мужчыны зменена з меркаванняў бяспекі. — Еўрарадыё] у размове з Еўрарадыё прызнаўся, што дзяржаўнай сферы ён не давярае.
“Тата жонкі пару дзён прабыў у гарадскім хоспісе — нам хапіла, каб усё зразумець”.
Мужчына ў канцы 2010-х пачаў шукаць дом састарэлых, калі дапамога спатрэбілася бацькам яго і жонкі.
“У нас было трое бацькоў на забяспечанні. Тата жонкі — ляжачы хворы, рак кішэчніка, у маёй і жончынай маці — дэменцыя. Мы фізічна не маглі даглядаць і сачыць за імі. Мы жылі за горадам, а бацькі жонкі — у Мінску, за 60 кіламетраў ад нас. Нейкі час мы з жонкай нават жылі асобна. Яна са сваімі бацькамі, а я з мамай. Часам нават даводзілася іх браць з сабой на працу, бо пакідаць адных было нельга. Мы доўга шукалі найлепшы варыянт. Дзяржаўных пансіянатаў нават не разглядалі”.
Спачатку Алесь абраў пансіянат у Вішнёўцы, але гэты варыянт хутка адваліўся.
“Наяўнасць ліцэнзіі, добрыя ўмовы, кругласутачны кантроль за хворымі. Добрая кухня. Пакоі на 2-3 чалавекі. Аплата праз банк. Але гэты пансіянат знаходзіўся далёка ад нашага месца пражывання, і ездзіць туды кожны дзень было складана, але 2-3 разы на тыдзень мы іх наведвалі”.
Праз некалькі месяцаў Алесь з жонкай знайшлі іншы прыватны пансіянат пад Мінскам. Ён знаходзіўся за 15 кіламетраў ад іх дома і быў акурат па дарозе на працу.
“Там былі добрыя ўмовы. Пакоі на дваіх, кругласутачны догляд, добрае харчаванне. Наяўнасць ліцэнзіі і аплата праз банк. Наведвалі практычна кожны дзень. Але ў перыяд кавіду наведванні забаранілі, і мы перадавалі толькі прадукты, падгузнікі і лекі”.
Мужчына кажа, што кіраўніцтва абодвух пансіянатаў заўсёды ішло на кантакт і ўсе пытанні вырашаліся без асаблівых праблем.
“У абодвух пансіянатах быў чалавек з медыцынскай адукацыяй, які сачыў за пацыентамі і за прыёмам лекаў. На аплату ішлі ўсе пенсіі, і мы яшчэ даплачвалі прыкладна па 100-150 долараў на кожнага з траіх бацькоў. Яшчэ, вядома, дапамагала наяўнасць свайго транспарту — і ў мяне, і ў жонкі былі машыны. Я не ведаю, як бы мы выжылі, калі б не было гэтых пансіянатаў”.
Што будзе з прыватным сектарам догляду састарэлых і яго кліентамі, даведаемся ўжо ў кастрычніку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.