Рада культуры пачала размеркаванне 2 млн еўра ЕС: у заяўках просяць у разы больш

Беларуская культура вымушана неяк жыць без дзяржаўнага бюджэта / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларуская культура вымушана неяк жыць без дзяржаўнага бюджэта / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Праект Беларускай рады культуры ArtPower Belarus вылучае гранты для беларускіх дзеячаў мастацтва. Усяго прадугледжана 2 мільёны еўра. 21 красавіка абвясцілі вынікі першага кола падтрымкі, у выніку якога размеркаваныя 485 тысяч еўра.

Еўрарадыё спытала ў кіраўніка Рады культуры Сяргея Будкіна, куды пойдуць грошы, колькі ў беларусаў ідэй і чаму 2 мільёны — гэта зусім няшмат.

 

“Падалі праектаў на 7 мільёнаў 200 тысяч еўра”

440 тысяч еўра размеркаваныя паміж 16 прэтэндэнтамі на мідзі-гранты (да 60 тысяч еўра кожны). Яшчэ больш за 25 тысяч пойдуць на 6 міні-грантаў. Больш за 20 тысяч еўра для 9 чалавек, якія атрымаюць гранты мабільнасці. Іх можна скарыстаць для паездак, навучання ці даследаванняў.

Рада культуры пачала размеркаванне 2 млн еўра ЕС: у заяўках просяць у разы больш

—  Мы абвесцілі пра вынікі адбораў на першы конкурс па мідзі-праектах праграмы ArtPower Belarus, якую рэалізуем разам з Дацкім інстытутам культуры пры падтрымцы Еўракамісіі, — кажа Сяргей Будкін. — На першым коле ў нас былі рэсурсы падтрымаць ідэі ад культурных дзеячаў на агульную суму 440 тысяч еўра. Бюджэтная мяжа праектаў была 60 тысяч еўра. А падалі нам праектаў на 7 мільёнаў 200 тысяч еўра. З гэтага можна зрабіць выснову, наколькі малыя ёсць рэсурсы і наколькі вялікія прапановы творцаў. Гэта, безумоўна, натхняе. З другога боку, канешне, сумна, што толькі адна дзясятая частка праектаў была падтрыманая. Вартыя падтрымкі больш, чым сотня ідэяў, дакладна.

Рада культуры пачала размеркаванне 2 млн еўра ЕС: у заяўках просяць у разы больш
Рада Культуры супрацоўнічае з Офісам Святланы Ціханоўскай. На фота Алесь Чахоўскі, Аліна Коўшык, Святлана Ціханоўская і Сяргей Будкін / t.me/radakultury

Сяргей Будкін адзначае, што з пачаткам паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну праграмы падтрымкі пераарыентаваліся на Украіну. Але Рада культуры разам з актывістамі з іншых арганізацый працуе над дарожнай мапай па супрацоўніцтву з Еўрапейскім саюзам.

Гэта не проста падтрымка культурных праектаў. Гэта ўплыў на захаванне незалежнасці нашай краіны. У дарожнай мапе мы канкрэтна аналізуем патрэбы кожнай сферы і выпрацоўваем рэкамендацыі, якім чынам можна дапамагчы. Таксама мы працуем з Офісам Святланы Ціханоўскай, каб падчас сваіх візітаў яна закранала важнасць тэмы культуры. Будзем працаваць з гэтым больш шчыльна. Мы разумеем ужо нават па выніках першага конкурсу, наколькі шмат ідэяў. Фактычна мы не маем нейкага альтэрнатыўнага дзяржаўнаму бюджэту на культуру, які складае ў розных краінах дзясяткі мільёнаў еўра, — падводзіць рысу Сяргей Будкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі