Выйшаў “За паўгадзіны да вясны”. Чаму серыял пра “Песняроў” неактуальны
10 красавіка адначасова на расійскім Першым канале і ў анлайн-кінатэатры Start адбылася прэм’ера “За паўгадзіны да вясны” — біяграфічнага міні-серыяла пра зеніт славы савецкага ансамбля “Песняры” і лёс Уладзіміра Мулявіна, які арганізаваў яго і ачольваў да моманту сваёй гібелі. Нягледзячы на тое, што праект ствараўся сумесна беларускімі і расійскімі кінематаграфістамі, у Беларусі яго пакуль афіцыйна не анансавалі. І незразумела, ці будзе ён паказаны ўвогуле.
Пакуль што ў сеціве змешчаныя першыя тры серыі з анансаваных дзевяці, усе астатнія будуць апублікаваныя да 20 красавіка. Еўрарадыё ўжо паглядзела серыял цалкам і расказвае, чаму адзін з найбольш яркіх і якасна зробленых айчынных тэлепраектаў выглядае цяпер цалкам неактуальна.
Хто такія Уладзімір Мулявін і “Песняры”
Пачнём мы з прадстаўлення музыкаў, чыя творчая актыўнасць прыйшлася менавіта на 1970–1980-я гады. Бо без гэтага сапраўды не абысціся: за мінулыя дзесяцігоддзі вырасла не адно пакаленне беларусаў, якія не маюць ніякага ўяўлення, кім увогуле былі “Песняры”.
Але спачатку невялічкі гістарычны экскурс у музычную індустрыю СССР.
Рэч у тым, што у тыя часы рок-выканаўцаў у сучасным разуменні слова папросту не існавала. Былі музыкі, вакалісты ці музычныя калектывы (так званыя ВІА – вакальна-інструментальныя ансамблі), якія працавалі пры дзяржаўных музычных установах (“Песняры” вось — пры Мінскай філармоніі).
Ім яны юрыдычна належалі, на іх пляцоўцы рэпетавалі, выступалі і атрымлівалі пасведчанні на гастрольную дзейнасць. Працэс ішоў пад пільным кантролем дзяржаўных і сілавых органаў (між іншым, як і ў сучаснай Беларусі), якія адказвалі за ідэалагічнае выхаванне савецкай моладзі. Рэпертуар і склад ВІА цэнзураваўся партыйнымі і міністэрскімі камісіямі, таму свабода творчасці там была даволі ўмоўная.
У гэтай выбудаванай сістэме жорсткіх правіл і выразных абмежаванняў і існавалі “Песняры”.
Калектыў месціўся ў Мінску і ствараў рок-музыку на аснове фальклору і вершаў беларускіх паэтаў і кампазітараў, які выконваліся пераважна на беларускай і рускай мовах. Славу ім прынесла ў першую чаргу эстрадная дзейнасць — песні “Касіў Ясь канюшыну”, “Белавежская пушча”, “Волагда”, “Алеся” і інш. Былі таксама і больш складаныя па форме і сцэнаграфіі пастаноўкі рок-опер (прафесійна так і не запісаныя ў студыі “Песня аб долі” і “Гусляр” на вершы Янкі Купалы), якія цікавілі ў першую чаргу фанатаў ансамбля, а не шырокае кола слухачоў.
Можна лічыць, што “Песняры” былі адным з першых рок-ансамбляў СССР, які папулярызаваў нацыянальную культуру як у самой краіне, так і за яе межамі.
Музыкі шмат гастралявалі ў вялікіх і маленькіх гарадах савецкай дзяржавы, выступалі ў сацыялістычных (Польшча, ГДР, Балгарыя) і капіталістычных краінах (Францыя, Фінляндыя, першы канцэртны тур па ЗША).
Пласцінкі з альбомамі “Песняроў” прадаваліся вялікімі тыражамі, іх выступы запісвалі на аматарскія магнітафоны і транслявалі па тэлебачанні, выкарыстоўвалі музыку ў фільмах і нават здымалі сам ансамбль у кіно. “Песняроў” называлі савецкімі The Beatles, і ў грамадскую свядомасць яны шчыльна ўвайшлі як сімвалы познесавецкай эстраднай музыкі — на ўзроўні Алы Пугачовы ці Юрыя Антонава.
Генерацыя такога шалёнага поспеху — заслуга сібірака Уладзіміра Мулявіна. Сам музыка родам са Свярдлоўска (цяпер Екацярынбург), у пачатку кар’еры ён працаваў у гарадскіх філармоніях сібірскіх і ўральскіх гарадоў, пакуль яго не запрасілі працаваць у сталіцу БССР.
У ансамблі ён выконваў дзве асноўныя ролі: выканаўцы (граў на гітары і быў адным з вакалістаў) і мастацкага кіраўніка (займаўся аранжыроўкамі, кампазітарскай працай, праслухоўваннем і адборам музыкаў для ансамбля).
Гісторыя стварэння “За паўгадзіны да вясны”
Ідэя праекта ўзнікла даволі даўно — у сярэдзіне 2010-х, на хвалі ідэалагічнага трэнду расійскіх ўладаў, якія ў той момант пачалі адмыслова прасоўваць у грамадскай свядомасці наратыў СССР як краіны, дзе было, можа, і цяжка жыць, але дзе меліся нагоды для гонару. Пад гэта шчодра раздаваліся бюджэты (і гэты працэс працягваецца і цяпер), фінансавалася кіно на тэмы спорту, Вялікай айчыннай вайны, мастацтва.
Плюс публіка да такога кантэнту была падрыхтаваная. «Ласкавы май», «Высоцкі. Дзякуй, што жывы», «Легенды нумар 17», «Рух уверх» — што-небудзь пра гэтыя ці іншыя праекты вы нешта чулі ці дакладна іх глядзелі.
Вось у гэты культурны паток, калі прасоўваннем савецкай тэмы паўнавартасна зацікавіліся і беларускія ўлады, з невялікім спазненнем, у пачатку 2020-х, уклініліся і стваральнікі серыяла.
Евангелістам праекта можна лічыць Віктара Лабковіча, прадзюсара прыватнай сталічнай студыі “Першая Кінавідэакампанія”. Менавіта ён у 2020 годзе пасля некалькіх беспаспяховых спроб атрымаў у Мінкульта фінансавую падтрымку і знайшоў партнёраў за мяжой.
Расійскі бок, у сваю чаргу, прадстаўляе буйны анлайн-кінатэатр “Start” і яго сузаснавальнік, сцэнарыст і прадзюсар Аляксей Трацюк. Цікава, што гэта таксама беларус з Брэста, які зрабіў крэатыўную і топ-менеджарскую кар’еру праз перамогу зборнай каманды “БДУ” у расійскім КВЗ у канцы 90-х — пачатку нулявых гадоў.
“Мы разам [з Аляксеем Трацюком] думалі пра адно і тое ж, — расказваў тры гады таму Віктар Лабковіч газеце «Культура» . — Што трэба стварыць серыял пра легендарнага чалавека, які быў рускім па нацыянальнасці, але столькі зрабіў для беларускай культуры, што яго лічыць беларусам увесь свет”.
Дарэчы, у сеціве існуе памылковае меркаванне, што “За паўгадзіны да вясны” — выключна расійскі праект, але гэта няпраўда. У гэтым выпадку можна смела казаць пра капрадукцыю, то бок сумесную расійска-беларускую вытворчасць, у якой былі задзейнічаныя не толькі беларускія грошы, але і кінематаграфісты: рэжысёр Кірыл Папакуль, сцэнарыст Руслан Гайдай, на другім і трэцім плане можна пабачыць шмат беларускіх тэатральных і кінаактораў.
Пасля доўгіх абмеркаванняў аўтары вырашылі засяродзіцца на стварэнні класічнай паводле формы біяграфічнай драмы пра лёс Мулявіна з музыкальнымі намерамі. Яна развіваецца паралельна ў двух розных адрэзках часу. Мінулае — у 50-60-я, падчас дзяцінства і юнацтва Мулявіна ў савецкай Расіі, і ў сярэдзіне 70-х — у перыяд стварэння “Песнярамі” сваёй першай рок-оперы “Песня аб долі”.
Падчас здымак без праблем не абышлося. Паводле слоў сцэнарыстаў, перад здымкамі вялося вялікае даследаванне крыніц пра жыццё музыкі, праз гэта сцэнар чатыры разы перапісваўся, здымачную групу кансультавала дачка Мулявіна, Марына. А падчас вытворчасці нечакана арыштавалі Віктара Лабковіча, які выйшаў на волю праз год, а з Беларусі праз ўладны тэрор эмігравала частка стваральнікаў і ўдзельнікаў фільма.
Што нам паказалі
Адгледзеўшы цалкам усе дзевяць серый, можна казаць, што “За паўгадзіны да вясны” — гэта трапна зроблены тэлепраект, арыентаваны больш на дарослую аўдыторыю, якой недзе за сорак гадоў, а не на моладзь. Бо каб цалкам аддацца праекту, трэба загадзя ведаць, кім былі “Песняры” і што яны значылі для савецкага грамадства, а такога адмысловага тлумачэння (напрыклад, у цітрах) аўтары не зрабілі.
Відаць, што над серыялам шчыльна папрацавала творчая каманда. Былі добра прапрацаваныя дэталі інтэр’ераў адразу некалькі савецкіх эпох, падабраныя і пашытыя паўсядзённая вопратка і сцэнічныя касцюмы музыкаў, знойдзеныя адпаведныя часу музычныя інструменты, зробленыя праўдападобныя грым і парыкі. Можа, “За паўгадзіны да вясны” цалкам дакладна і не рэканструюе тры дзесяцігоддзі савецкага жыцця, але адчування сораму за працу не ўзнікае, воку ёсць за што зачапіцца.
Козырам у рукаве аказаўся кастынг на ролі музыкаў і савецкіх чыноўнікаў. Відаць, што стваральнікі выдаткавалі шмат часу, каб знайсці прафесійных актораў, якія былі б падобныя на сваіх рэальных прататыпаў.
Стоадсоткавым трапляннем зрабілася рашэнне ўзяць на ролю дарослага Мулявіна расійскага актора ММТ імя Чэхава Арцёма Валабуева. У парыку з доўгімі валасамі а-ля 70-я і вусамі-падковай ён сапраўды вельмі нагадвае Мулявіна.
Актрыса Ганна Баншчыкава, у сваю чаргу, на першую жонку Мулявіна і артыстку Лідзію Кармальскую не вельмі падобная вонкава, але за кошт прыроднай хіміі паміж персанажамі асаблівых пытанняў да іх пары не ўзнікае.
Таксама няблага прапрацаваным выявіўся другі акторскі план з іншымі “песнярамі”: Валерыем Мулявіным (Уладзімір Свірскі), Леанідам Барткевічам (Сяргей Годзін), Уладзімірам Місевічам (Максім Паніматчанка), Анатолем Кашапаравым (Георгій Пятрэнка), Аляксандрам Дзямешкам (Дзмітрый Есяневіч) і г.д.
Адзінае, што замінае праекту цалкам раскрыцца, стаў кампрамісны сцэнар серыяла, які не заўжды добра балансуе паміж сапраўднымі фактамі з жыцця музыкаў і ўмоўнасцямі жанру баёпіку. Сэнс у тым, што “За паўгадзіны да вясны” — гэта многафігурная гісторыя пра непакорнага мастака, бунтара паводле натуры, які існуе ва ўмовах жорсткай аўтарытарнай дзяржавы. І спрабуе лавіраваць паміж рознымі абмежаваннямі, каб рэалізаваць свой сапраўды наватарскі праект.
Таму ўсе мастацкія сродкі і ўвага ідуць на раскрыццё гэтай задачы, пакідаючы за бортам амаль усё астатняе. І атрымліваецца, што найбольш псіхалагічна і драматургічна прапрацаванымі атрымаліся ролі самога Уладзіміра Мулявіна і яго жонкі Лідзіі Кармальскай — у актораў тут сапраўды ёсць шмат сямейных і кар’ерных канфліктаў, дзе можна развярнуцца.
У большасці іншых выканаўцаў гэтай магчымасці проста няма, нягледзячы на амаль дзевяць гадзін хронаметражу. Удзельнікі “Песняроў” і рэальныя гістарычныя асобы паўстаюць у якасці характарных тыпажаў.
Дзямешка — гумарыст, Барткевіч і Кашапараў — самазакаханыя лавеласы, Машэраў — строгі, але справядлівы, Місевіч — сама сумленнасць. З гэтай аднамернасцю і сцэнарнай спрошчанасцю даволі цяжка мірыцца.
Музыкальныя нумары ў сцэнаграфічным і гукавым плане выкананыя якасна. Не дарма да працы запрасілі рэжысёра Кірыла Папакуля, які здымаў канцэрт памяці “Я прынёс табе ура!!!” франтмэна “Нейра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча і музычны тэлепраект “Кватэрнік у Маргуліса”.
Але агулам серыялу не хапае менавіта музычнай насычанасці твораў “Песняроў”, аўтары вырашылі зрабіць акцэнт на драме жыцця музыкі — праз гэта серыял пазбавіўся вялікага адсотку мастацкай чароўнасці.
Да таго ж бачна, што вялікі хронаметраж абцяжарвае праект. Пачынаючы гісторыю даволі бадзёра — з жадання Мулявіна і яго брата зрабіць адну з першых у СССР рок-опер — серыял бліжэй да экватара вязне ў сямейнай меладраме пра нявернага мужа, які бегае ад жонкі да палюбоўніцы і наадварот.
Сітуацыю ратуе напружаны фінал з прэм’ерай “Песні аб долі” — сапраўды смелага і метафарычнага твора пра гібель простага беларуса, у якім крамолу маглі б пабачыць не толькі савецкія, але і лукашэнкаўскія ідэолагі.
Па вялікім рахунку, «За паўгадзіны да вясны» можна назваць сапраўдным прарывам у першую чаргу серыяльнай індустрыі Беларусі. Такіх праектаў, якасна зробленых на тэхнічным і, у меншай ступені, сцэнарна-драматургічным узроўні, раней у нас дакладна не здымалі.
Але калі казаць пра еўрапейска-амерыканскі ці расійскі рынкі, на якія ў асноўным і арыентаваны праект, то тут серыял нічым асаблівым не вылучаецца.
На фоне больш вынаходлівых праектаў апошняга часу — узяць той жа нядаўні “Кароль і блазан” ад сэрвісу “Кінапошук”, дзе акрамя гісторыі гурта аўтары зрабілі фэнтэзі па матывах песняў, — серыял зорак з неба не ловіць.
Гэта проста адказна створанае паводле напрацаваных індустрыяльных лякалаў тэлекіно для масавага гледача без вялікіх прэтэнзій на аўтарскі погляд на біяграфію знанага музыкі і вельмі кампліментарнае да яго герояў.
Тым не менш, пры магчымасці праект мог і трапіць на вялікія экраны, калі было жаданне і воля змантаваць увесь матэрыял у 2-3 гадзіны кінапракатнага фармату. Што, вядома, выглядае немагчымым — вельмі шмат што давядзецца парэзаць і выкінуць.
Чаму “За паўгадзіны да вясны” — гэта правал па абедзве лініі фронту
Дасведчаны кінематаграфіст ведае, што кіно робяць не толькі грошы і гледачы, але ў першую чаргу гістарычны кантэкст.
Ёсць праекты, якія па розных абставінах трапляюць у нерв часу, прагаворваючы ўсе набалелыя пытанні, якія тут і цяпер хвалююць грамадства, — і застаюцца ў памяці людзей на доўгія часы. А ёсць тыя, якія вельмі спяшаюцца ці, наадварот, спазняюцца са сваёй ідэйнай павесткай. Дык вось “За паўгадзіны да вясны” — гэты хрэстаматыйны прыклад спазнення.
Рэч у тым, што кіно пра кампрамісы самавыяўлення мастака ў аўтарытарнай дзяржаве — гэта наратыў, з якім можна было мірыцца да 2020 года.
Але цяпер такі сцэнар паводзін ужо цягне не проста на згоду з сумленнем, а нават на суцэльна адчуванае злачынства, за якое давядзецца некалі ўсё роўна заплаціць. Сучасная палітыка Беларусі і Расіі пра гэта не проста кажа, а крычыць з палос незалежных СМІ і сацсетак.
У такія выпрабавальныя часы ганарыцца музыкамі, якія піярылі Савецкі саюз у перыяд, калі коштам бязмежнага гвалту, крыві і сотняў тысяч ахвяр гэтую жахлівую імперыю проста цяпер спрабуюць рэанімаваць на постсавецкай прасторы — гэта фіяска, якое знарок не прыдумаеш. Яно можа быць падрыхтаванае толькі іроніяй лёсу.
Драматычнасць абставін яшчэ і ў тым, што акрамя грамадства, якое можа пабачыць у ім кансерватыўныя каштоўнасці, серыял не цікавы больш і свайму асноўнаму спонсару — беларускай дзяржаве. У час вайны кампрамісны мэсэдж экранных “Песняроў” не задаволіць ніводнага ідэолага. Адмаўчацца ў шэрай зоне больш не атрымаецца. Ты альбо сябра, альбо вораг, трэцяга не будзе.
І гэтая нецярпімасць ужо ўвасабляецца ў цэнзуры серыяла, з якога прыбіраюць актораў, якія ў 2020 годзе асудзілі гвалт, а самому праекту не даюць дазволу трапіць у тэлевізары — да гледачоў, якія сваімі падаткамі аплацілі яго стварэнне.
“За паўгадзіны да вясны” — гэта праект 2010-х, больш камфортнай даваеннай і дарэвалюцыйнай эпохі, які ў сённяшніх умовах у ідэйным плане выглядае, на жаль, вельмі архаічна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.