Развітанне з Ігарам Леднікам адбудзецца ў чацвер у Барысаве
Беларусы Кракава ўшанавалі памяць Ігара Ледніка
Развітанне з палітвязнем Ігарам Леднікам адбудзецца ў чацвер, 22 лютага, у Барысаве з 8-й да 12-й гадзіны па адрасе: вуліца Нармандыя-Нёман, 22. Адпяванне запланаванае на 9-ю гадзіну, паведамляе @BSDP_Hramada.
Пра смерць 63-гадовага Ледніка стала вядома 20 лютага. Ён памёр у Мінскай раённай бальніцы, куды яго прывезлі з бабруйскай калоніі № 2. Прычынай смерці стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі рэаніміраваць, аднак беспаспяхова.
За кратамі Ігар Леднік быў з вясны 2022-га, асуджаны на 3 гады калоніі агульнага рэжыму за "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку (яго "знайшлі" ў публікацыі ў партыйным часопісе пра міжнародны нейтралітэт Беларусі). Справу разглядаў суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя — Таццяна Шоцік). У зняволенні стан здароўя палітвязня істотна пагоршыўся, ён меў інваліднасць праз праблему з сэрцам. "Рэжым выдатна ведаў пра гэта, пазбаўляючы яго волі", — адзначае Святлана Ціханоўская.
У ЕС заявілі, што "трагічная смерць Ігара Ледніка ў турме паказвае нечалавечы маштаб рэпрэсій Лукашэнкі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.