У ЕС адрэагавалі на смерць палітзняволенага Ігара Ледніка
Ігар Леднік
У Еўрасаюзе адрэагавалі на чарговую смерць палітвязня ў беларускай калоніі. Напярэдадні стала вядома пра гібель у зняволенні Ігара Ледніка, журналіста і былога сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
"Трагічная смерць Ігара Ледніка ў турме паказвае нечалавечы маштаб рэпрэсій Лукашэнкі", — напісаў у сацсетцы X Петэр Стана, афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы замежных сувязяў. Ён таксама нагадаў, што ў Беларусі ў зняволенні застаецца больш за 1400 палітычных вязняў, і "з імі жорстка абыходзяцца або пазбаўляюць медыцынскай дапамогі".
"Рэжым нясе адказнасць за іх жыццё і здароўе і будзе прыцягнуты да адказнасці", — чарговы раз падкрэсліў прадстаўнік ЕС.
Перад смерцю Ігара Ледніка даставілі з Бабруйскай калоніі ў Мінскую раённую бальніцу. У яго спынілася сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, але беспаспяхова.
Ігара Ледніка затрымалі ў красавіку 2022 года за артыкул у партыйным часопісе БСДП. Улады ўбачылі ў публікацыі "паклёп" на Лукашэнку. У выніку суд прысудзіў журналіста да 3 гадоў пазбаўлення волі. Яго профіль у Facebook быў абвешчаны "экстрэмісцкім матэрыялам". Дададзім, што ў Ледніка была інваліднасць II групы праз праблемы з сэрцам. У калоніі ён таксама перанёс аперацыю на страўнікава-кішачным тракце, яго здароўе пагоршылася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.