"Пятая смерць за кратамі…" — Ціханоўская заклікае да абароны палітвязняў
Святлана Ціханоўская заклікае хутчэй знайсці варыянты для вызвалення палітвязняў
Святлана Ціханоўская пракаментавала смерць яшчэ аднаго беларускага палітвязня. 20 лютага стала вядома пра смерць Ігара Ледніка. Ён памёр у Мінскай раённай бальніцы, куды яго прывезлі з бабруйскай калоніі № 2. Прычынай смерці стала спыненне сэрца.
"Пятая смерць за кратамі..., — піша Ціханоўская. — Гэта неверагодная несправядлівасць і трагедыя — тое, што ў турмах рэжым забівае беларусаў, якія хацелі змяніць жыццё сваёй краіны да лепшага. Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, а цяпер і Ігар Леднік сталі ахвярамі рэжыму Лукашэнкі".
Ледніка адправілі за краты з-за артыкула ў партыйным часопісе пра міжнародны нейтралітэт Беларусі (пабачылі ў ім "паклёп на Лукашэнку"). "І цягам двух гадоў мэтанакіравана забівалі — у 63-гадовага актывіста была другая група інваліднасці праз праблемы з сэрцам. Рэжым выдатна ведаў пра гэта, пазбаўляючы яго волі", — адзначае Ціханоўская.
Святлана Ціханоўская заклікае медыя, міжнародных партнёраў, праваабаронцаў "стаць на абарону палітвязняў". Яна нагадвае, што больш за дзясятку з іх "патрэбна дапамога проста цяпер", бо яны "змагаюцца за сваё здароўе і сваё жыццё ў жахлівых умовахя". "І нам неабходна аб'яднаць намаганні, каб як мага хутчэй знайсці варыянты для іх вызвалення", — піша кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.