Лукашэнка: адпусціць некалькі дзясяткаў палітвязняў — не шматвектарнасць

Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Адпусціць некалькі дзясяткаў палітвязняў — гэта не шматвектарнасць, "хто б там у Расіі ні вякаў". Так Аляксандр Лукашэнка адказаў на падазрэнні ў сваім развароце на Захад, сустракаючыся з губернатарам расійскай Смаленскай вобласці Васілём Анохіным.

"Зноў ён адпусціў гэтых палітвязняў некалькі дзясяткаў. Гэта значыць, ён ужо на Захад..." Слухайце, ну такое прымітыўнае мысленне, што далей няма куды. І мы гэта бачым і чуем", — дадаў ён.

Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і ўвядзення некалькіх пакетаў міжнародных санкцый Беларусь аказалася ў ізаляцыі і вымушаная была пераарыентаваць сваю эканоміку для гандлю з Расіяй. А з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларуская "абаронка" актыўна дапамагае расійскаму войску. Зрэшты, Лукашэнка не прапусціў магчымасці нагадаць Крамлю, што Беларусь — асобная краіна, і суседзяў у яе некалькі.

"Наш галоўны замежнапалітычны пасыл і наша памкненне — з суседзямі трэба жыць у міры, яны ад бога. Ну і што паробіш, калі палякі стагоддзямі жылі з намі і тое, што кіраўніцтва Польшчы сёння займае такую брыдкую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі. Хіба палякі ў гэтым вінаватыя? Ну, у нейкай ступені — так, — яны ж абіраюць іх. Але ў большасці сваёй палякі хочуць жыць мірна з намі. Тое самае літоўцы, латышы, украінцы. Ну, калі такую палітыку праводзіць кіраўніцтва... Таму мы спакойна, мэтанакіравана спрабуем выбудоўваць з імі адносіны. Але інтарэсы нашы — яны ёсць нашы інтарэсы", — дадаў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі