Рэктар БДУІР расказаў, якім беларускім IT-праектам ён ганарыцца больш за ўсё
Камп'ютарны код, ілюстрацыйнае фота
Рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) Вадзіма Богуша спыталі, якімі распрацоўкамі беларускіх айцішнікаў ён ганарыцца больш за ўсё. Яна сказаў, што "самымі вядомымі", але не гульнямі.
"Вельмі цікавая праграма па жаночым здароўі. Вельмі простая ідэя, цудоўная рэалізацыя — цяпер гэта прадукт, якім карыстаецца вельмі шмат людзей у свеце", — адказаў Богуш. На яго выступ у эфіры БТ звярнула ўвагу "Наша Ніва". Назвы праграмы Богуш не агучыў. Але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра Flo — мабільную праграму для здароўя. Яна дапамагае жанчынам адсочваць менструальны цыкл. Праграму стварылі ў 2015 годзе. Цяпер у яе больш за 40 мільёнаў актыўных карыстальніц на месяц.
Кампанію Flo заснавалі беларусы Дзмітрый і Юрый Гурскія. У 2022 годзе кампанія сышла з Беларусі. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Лондане, а офіс распрацоўкі — у Вільні, ёсць таксама прадстаўніцтвы ў Нідэрландах і ЗША.
За два гады — з 2022 да 2024-га — беларускі IT-сектар страціў каля 23 тысяч чалавек. У лютым у галіне былі занятыя менш за 100 тысяч чалавек — такі паказчык апошні раз быў у 2019 годзе. Краіну працягваюць пакідаць кампаніі. У пачатку студзеня стала вядома пра закрыццё ў Мінску офіса распрацоўкі ізраільскай геймдэв-кампаніі Playtika. Офіс у Мінску закрыў і мабільны распрацоўшчык з беларускімі каранямі Apalon, а таксама геймдэв-студыя з беларускімі каранямі Belka Games.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.