Абранне кандыдата ў прэзідэнты расколе і Партыю БНФ, і яе моладзевую філію?
Актывіст "Моладзі БНФ" <strong>Валянцін Цішко</strong> прапанаваў выключыць з Партыі БНФ старшыню моладзевай філіі <strong>Андруся Крэчку і Франка Вяч
Падчас пазачарговага ХІІІ з'езду Партыі БНФ, які прайшоў у Мінску 29 траўня, маладзечанец Валянцін Цішко заявіў, што кіраўнік "Моладзі БНФ" Андрусь Крэчка і Франак Вячорка вядуць "антыпартыйную дзейнасць" і накіравана яна на раскол партыі. У размове з Еўрарадыё Валянцін патлумачыў, чаму лічыць неабходным выключыць іх з партыі.
Валянцін Цішко: “Учора ў Маладзечна прайшоў з’езд раённай арганізацыі “Моладзі БНФ”, на якім Франак Вячорка адкрыта заявіў, што пасля гэтага з’езда партыйнага будзе з’езд “Моладзі БНФ”, на якім яны будуць вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты — ад “Моладзі БНФ”. І яны заявілі аб фармаванні перавыбарчых штабоў Баршчэўскага. Я лічу іх дзеянні антыпартыйнымі і накіраванымі на раскол партыі”.
На думку Валянціна Цішко, Крэчка і Вячорка не думаюць пра папулярызацыю партыі, а папулярызуюць сябе і таго кандыдата, якога будуць вылучаць.
Лідэра “Моладзі БНФ” Андруся Крэчку выхадка маладзечанскага актывіста здзівіла.
Андрусь Крэчка: “Мы з гэтым спадаром ездзілі да Франака ўчора і ён выказваў абсалютна іншае меркаванне! Калі мы гаварылі, што нам патрэбны партыйны кандыдат і прапанавалі на гэтую пасаду Лявона Баршчэўскага, ён быў абсалютна згодны з гэтым".
Па словах Крэчкі, ён нічога не мае супраць Кастусёва, але не лічыць ні яго ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, ні гэты з’езд партыі лігітымнымі. І таму будзе падтрымліваць кандыдатуру Лявона Баршчэўскага.
У сваю чаргу Франак Вячорка прызнаў, што сход у Маладзечна сапраўды праходзіў і што на ім гаварылі пра падрымку Баршчэўскага ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Кажа, што за гэта маладзечанцы прагаласавалі адзінагалосна. Але “Моладзь” яшчэ не прымала рашэнне наконт таго, якога кандыдата ў прэзідэнты будзе падтрымліваць, адзначае Вячорка.
Франак Вячорка: “Я асабіста нічога не маю супраць Кастусёва. У тым выпадку, калі Кастусёў ідзе на гэтыя выбары як “фронтавец”, як партыйны кандыдат і ідзе да канца. Не здымаючыся пад Мілінкевіча. У “Моладзі БНФ”, як і у Партыі ёсць ідэйны раскол. Ёсць група людзей, якія падтрымліваюць прымірэнне, супрацу з рэжымам, кампраміцыйны шлях развіцця. І ёсць частка людзей, іх большасць, якія выступаюць за змаганне з сучасным рэжымам”.
Па словах Андрэя Крэчкі, у тым, што яны вырашылі падтрымліваць “свайго”, не прызнаюць ні з’езд партыі, ні яго рашэнні — няма нічога антыпартыйнага.
Андрэй Крэчка: “Я на раскол ісці не збіраюся. Я лічу, што калі частка “Моладзі БНФ” хоча падтрымліваць Кастусёва, то я гэтаму пярэчыць не буду. Калі частка хоча Баршчэўскага падтрымліваць, то я буду толькі “за”. Гэта не падстава для расколу”.
А былы палітпрызыўнік Франак Вячорка кажа, што “Моладзь БНФ” падтрымае партыйнага кандыдата толькі ў тым выпадку, калі яго абярэ сапраўдны з’езд. Гэты ж ён таксама лічыць нелігітымным. Што ж тычыцца свайго выключэння з партыі, то ён лічыць яго вырашаным.
Франак Вячорка: “Я амаль упэўнены, што сучаснае кіраўніцтва БНФ абселі спецслужбы і КДБэшнікі. На бліжэйшым сойме праз два тыдні будуць выключаць з партыі старшыню “Моладзі БНФ” Андруся Крэчку, кіраўніка Цэнтральнай рады Партыі БНФ Антона Койпыша, а таксама мяне. І ставіць на гэта месца падкантрольных, марыянеткавых людзей. Я лічу, што гэта спроба паставіць пад кантроль спецслужбаў Партыю БНФ”.
У якасці падцверджання сваіх слоў ён расказаў, што ў суботу (у дзень з’езда) ў сядзібе партыі мусіла сабрацца Рада “Моладзі БНФ”, але нікога з іх у памяшканне не пусцілі.
Сітуацыя з радай “Моладзі БНФ” увогуле выглядае цікавай. Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, большасць сябраў моладзевай рады не толькі прысутнічала на з’ездзе, але нічога не ведаюць і пра сход ды абранне “свайго” кандыдата ў прэзідэнты.
Аляксей Янукевіч: “Сёння я меў размову з пераважнай большасцю рады “Моладзі БНФ” — яны нічога не ведаюць пра гэты сход, які плануецца. А склікаць такі сход магла б толькі рада “Моладзі БНФ”. Калі збяруцца нейкія прыхільнікі спадара Баршчэўскага — ён любіць збіраць сваіх прыхільнікаў таемна ад усіх астатніх — гэта не будзе ўплываць на стасункі паміж “Моладдзю БНФ” і Партыяй БНФ. Гэта будзе прыватная справа асобных сябраў партыі”.
Што ж тычыцца "антыпартыйнай дзейнасці", то па словах Янукевіча, Франак Вячорка даўно плануе стварэнне структуры “пад сабе” — “Моладзь за БНФ”.
Аляксей Янукевіч: “Франак Вячорка збіраецца ствараць альтэрнатыўную моладзевую арганізацыю з умоўнай назвай “Моладзь за БНФ”. Гэта выключна такі адзін з дробных раскольніцкіх праектаў. Які не скончыцца нічым, а будзе выкарыстоўвацца ў інфармацыйным полі для нанясення шкоды Партыі БНФ”.
Але, кажа, ніякія дзеянні Крэчкі і Вячоркі не расколюць моладзевую фракцыю і не пасвараць яе з Партыяй. Што ж тычыцца заявы Валянціна Цішко, то рашэнне па ёй будзе прымаць Сойм і прадказваць яго Янукевіч не ўзяўся.