Апазіцыя распачала кулуарныя перамовы наконт “адзінага-2015”

Апазіцыйныя сілы вядуць перамовы па вызначэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Як паведаміў Еўрарадыё лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, у перамовах пакуль удзельнічаюць тры структуры — рух “За свабоду”, Партыя БНФ і кампанія “Гавары праўду”.

Аляксандр Мілінкевіч: “Аўтарытарны рэжым патрабуе кансалідацыі ў выглядзе адзінаабранага кандыдата. Такую працу мы вядзем. Проста яна кулуарная, яна не публічная, але прасоўваемся. І я думаю, выпрацуем, як мінімум, падыход”.

Пакуль дзяліцца папярэднімі вынікамі перамоваў палітык не пажадаў. Але заўважыў, што калі адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года не будзе, то і ўдзельнічаць у іх не мае сэнсу. Як не мае сэнсу і байкот.

Аляксандр Мілінкевіч: “У прэзідэнцкай кампаніі абавязкова трэба ўдзельнічаць. Ніякіх байкотаў не варта рабіць, бо гэта яшчэ больш дыскрэдытуе нас. Але без адзінага кандыдата няма чаго ўвогуле ўдзельнічаць. Хадзіць там групамі па некалькі чалавек з рознымі праграмамі, з рознымі мэтамі, я лічу, проста сорамна”.

Мілінкевіч выказвае спадзяванне, што да іх трох структур у хуткім часе далучацца іншыя “вялікія групы дэмакратычнай супольнасці” і яны разам паспрабуюць вызначыць агульны падыход да выбараў прэзідэнта.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі