Брэсцкі абласны суд адмовіўся аднавіць на працы актывіста з "Граніта"
Аднавіць прафсаюзнага лідэра спрабавала Беларуская Канфедэрацыя дэмакратычных прафсаюзаў.
Арганізацыя прасіла скасаваць рашэнне Лунінецкага раённага суда ад 11 кастрычніка. Той суд прызнаў, што прафсаюзнага лідара звольнілі з прадпрыемства “Граніт” згодна з законам. На думку кіраўніка БКДП Аляксандра Ярашука, гэты прысуд супярэчыць законам:
Ярашук: "Іншага і не чакалася. Беларусь упарта хоча даказаць усяму свету, што можна жыць у стане беззаконня, прававога нігілізму, ігнаруючы свае ўласныя Канстытуцыю і законы, а таксама Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы, якія краіна ратыфікавала і якія маюць прамое дачыненне да таго, што сёння разглядалася і што разглядалася Лунінецкім раённым судом".
Нагадаем, Лунінецкі райсуд прызнаў правільным звальненне кіроўцы Алега Стахаевіча пасля таго, як яго пры няясных абставінах пазбавілі правоў. Суд таксама палічыў, што Стахаевіч з яго дыпломам горнага майстра не можа працаваць памочнікам машыніста свідравальнай устаноўкі.
Па словах Ярашука, 4 чэрвеня ён накіроўваецца ў Жэневу. У Міжнароднай арганізацыі працы, кажа прафсаюзны лідар, будзе разглядацца беларуская справа.
Фота: Прафсаюзныя дзеячы каля Брэсцкага аблсуда.