Куды размяркоўваюць студэнтаў журфака (фота)

120403 Martin Razmerkavanne.mp3

“Для спецыялізацыі “Аудыёвізуальныя СМІ” было тры месцы. Мне на выбар прапанавалі Калінкавічы і Карму. Я нават не ўяўляю, дзе Карма. Там, відаць, раённая газета і пры ёй радыёкропка”, - расказвае пра размеркаванне студэнтка Інстытута журналістыкі Маша з Нясвіжа.


Ехаць у Карму, за 300 кіламетраў ад дому Маша не хоча, збіраецца прынесці заяўку, каб адпусцілі у прыватную фірму. Як даведалася Еўрарадыё, на 100 выпускнікоў Міністэрства інфармацыі дасылае 24 вакансіі.


“Амаль усіх людзей размеркавалі па заяўках, якія яны прынеслі. За выключэннем прыватных кантор. Часам адмаўлялі без прычын…. Сумняваюся, што мяне туды адпусцяць”, - кажа Маша.


З 24 вакансій для бюджэтнікаў Журфака толькі чатыры –  у Мінску. “Сталічнае тэлебачанне” просіць траіх журналістаў і аднаго – “Народная газета”.

Вакансіі для выпускнікоў журфака па размеркаванні


Студэнтцы Журфака Наталлі з Магілёва раяць адпрацаваць два гады ў Крычаве.


“Не пашанцавала, адпраўляюць у Крычаў. Там крычаўскае раённае радыё. Абяцаюць 1,5 мільёны+ганарары і інтэрнат”.


У Крычаў Наталля не хоча, таму да канчатковага размеркавання шукае працу ў Магілёве, каб размеркавацца туды.


Студэнтцы Алене пашанцавала больш, яе размяркуюць у Мінск! У “Народную газету”. Прынесла адтуль заяўку. Газета дзяржаўная, таму пытанняў у дэканата няма.


“Я там працую з трэцяга курса. Практыку праходзіла. Колькі будуць плаціць, не ведаю, абяцалі ўзяць і ўжо гэтым я задаволеная”, - кажа Алена.


Газета “Навіны Камянеччыны” прысылае заяўкі на спецыялістаў другі год запар. Прапануюць 800 тысяч і пакой ў інтэрнаце. Як даведалася Еўрарадыё, леташняя “маладая спецыялістка”… ўжо звольнілася.


“Выйшла замуж і паехала пераразмеркавалася па месцы жыхарства мужа”, - кажуць ў рэдакцыі.


Газета і радыё “Голас Чачэршчыны” просіць у Журфака загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі і прызначае заробак у… 400 тысяч!

Вакансіі для выпускнікоў у Гомельскай і Гродзенскай вобласці


Гэта пры сярэднім заробку па Беларусі ў 2,9 мільёны!


Але ў рэдакцыі “Чачэрскага весніку” упэўніваюць, што аклад у іх больш – 700 тысяч+ганарары.


“Журналісты ў нас атрымоўваюць 2,5 мільёны”, - супакойваюць у рэдакцыі.


Дарэчы, на ўсіх 24 месцах, якія прапануе журфакаўцам Міністэрства інфармацыі пазначаны аклад ніжэйшы за сярэдні заробак у Беларусі. А тры, прапанаваных выпускнікам месцаў працы, поруч з Чарнобыльскімі раёнамі. Гэта рэдакцыі “Голас Кармы” , “Чачэрскі веснік” і “Народны голас” у Ельску.

Астатнія прапановы размеркавацца ад Інстытута журналістыкі

Фота 1: mocnit.miee.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі