На чыгуначным вакзале ў Мінску зачынілі камеры захоўвання
Калі іх адчыняць — не вядома, пакуль працуе толькі ручная паклажа.
На мінскім чыгуначным вакзале не працуюць аўтаматычныя камеры захоўвання. Такое рашэнне прыняло кіраўніцтва станцыі акурат пасля тэракту ў метро.
"Пакуль што кіраўніцтвам прынятае рашэнне, што ячэйкі працаваць не будуць. У нас ёсць ручная паклажа, там дастаткова месцаў. Чаргі пакуль няма, зараз увогуле ў зале ніводнага чалавека няма. Ручной паклажы на сённяшні дзень хапае", — распавялі Еўрарадыё у камерах захоўвання багажу.
Ячэйкі замкнулі два дні таму. Пасля гэтага людзям забаранілі карыстацца імі. Багаж, які паспелі пакласці да закрыцця, застаецца ў ячэйках і людзі яго могуць забіраць, а вось класці назад ужо нельга. Да якога часу яны не будуць працаваць — не вядома, як і афіцыйная прычына закрыцця.