Нават атрымаць звесткі, чаму ваш тэлефон праслухоўвалі – немагчыма?

У якасці доказаў віны Змітра Бандарэнкі суду прадстаўленыя раздрукоўкі яго тэлефонных размоў, атрыманыя з дапамогай праслухоўвання. На думку жонкі Змітра і праваабаронцаў, гэтыя праслухоўванні ў дачыненні да даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава былі незаконнымі.

Але не толькі тэлефон Змітра Бандарэнкі праслухоўваўся падчас прэзідэнцкай кампаніі. Пасля паказу па тэлебачанні блокбасцера ад БТ “Жалезам па шкле” жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева Вольга звярнулася ў пракуратуру са скаргай на незаконнае, на яе погляд, праслухоўванне яе тэлефонных размоў.

Вольга Някляева: “Я запытвала, на якой падставе праслухоўваўся тэлефон мой і чаму гэта было выкарыстана ў перадачы. І прыйшоў адказ з Генеральнай пракуратуры, падпісаў Шуляк: “Паведамляю, што ваш зварот у сувязі са зместам перадачы “Плошча. Жалезам па шкле” разгледжаны. Тлумачу, што ў сувязі з дзейнічаючым заканадаўствам “Аб аператыўна-вышуковай працы” выдача вам звестак, якія вы патрабуеце, немагчымая”. Проста на маё пытанне ніхто не адказвае. Таму кажуць, што вядзецца следства і па следству яны маюць нейкія правы праслухоўваць”.

Сапраўды, пэўны час таму ў закон “Аб аператыўна-вышуковай працы” былі ўнесеныя папраўкі, якія дазволілі праваахоўчым органам праслухоўваць тэлефоны без адпаведнай санкцыі пракурора. Яшчэ летась, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што гэта не супярэчаць канстытуцыйным нормам.

Пётр Міклашэвіч: “Тут прамой супярэчнасці канстытуцыйным нормам і палажэнням не бачым мы. Мы разглядалі палажэнні дадзенага закона ў судзе ў парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю, і зыходзячы з артыкула 23 Канстытуцыі, якая дае магчымасць у мэтах нацыянальнай бяспекі, абароны правапарадку і аховы здароўя рабіць пэўныя абмежаванні, то тут, адпаведна, было прынятае суразмернае абмежаванне ў мэтах узмацнення барацьбы са злачыннасцю”.

Загадчык кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта БДУ Анатоль Данілевіч дадае, што сёння праваахоўчыя органы могуць праслухоўваць тэлефон чалавека нават да таго, як завядуць крымінальную справу.

Анатоль Данілевіч: “Ёсць справы аператыўнага ўліку. І вядзецца справа аператыўнага ўліку, яна закрытая, ніхто з ёй не знаёміцца. Там агентура і гэтак далей. Вось яны атрымалі, да прыкладу, аператыўную інфармацыю, што ствараецца пагроза нацыянальнай бяспецы. А нацыянальная бяспека -- там і эканамічная, і розныя іншыя складнікі. І вось яны ўжо могуць праводзіць гэтыя аператыўныя мерапрыемствы. А для правядзення гэтых мерапрыемстваў могуць праслухоўваць тэлефон і гэтак далей”.

Аднак кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі лічыць, што ў выпадку з кандыдатамі ў прэзідэнты і іх сваякамі ды даверанымі асобамі гэты аргумент не спрацоўвае.

Алесь Бяляцкі: “Не было і няма ніякіх фармальных прычын лічыць, што палітычная барацьба, якая разгарнулася ў 2010 годзе ў перадвыбарчы перыяд у Беларусі, мела нейкія рысы, якія маглі б характарызаваць як антыдзяржаўную ці антыканстытуцыйную. Адзінае, што рабіла ў гэтым выпадку КДБ – бараніла інтарэсы дзеючага на той момант прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Якому яна непасрэдна і падпарадкоўваецца”.

І прыгадаў гісторыю амерыканскага прэзідэнта Ніксана, якому аб’явілі імпічмент пасля таго, як стала вядома, што па яго загадзе падчас выбараў праслухоўваліся тэлефоны канкурэнтаў.

Гісторыю імпічменту Ніксана прыгадвае і загадчык кафедры юрфака БДУ Анатоль Данілевіч. На яго думку, калі ў справе ёсць палітыка, тады сапраўды гэта праблема.

Анатоль Данілевіч: “Галоўнае, каб палітыкі не было! Калі палітыка ўмешваецца, тады ўсё складана. А ў межах, сапраўды, бяспекі, усё тады добра атрымліваецца і ніякіх праблем не ўзнікае”.

У той жа час Крымінальна-працэсуальны кодэкс сцвярджае, што праслухоўваць тэлефоны супрацоўнікі праваахоўчых органаў могуць выключна ў межах крымінальных спраў па цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах. Што, у адрозненні ад закона “Аб аператыўна-вышуковай працы” пакідае шансы на асабістае жыццё і тайну перапіскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі