Зборную Іспаніі вазілі на экскурсію ў Нясвіжскі замак
Таксама іспанцы выходзілі з мінскага гатэля пагуляць і прайсціся па крамах. Але так добра маскіраваліся, што на вуліцах беларускай сталіцы іх ніхто не заўважыў.
“Дык гэта што, той хлопец у куртачцы, гэта і быў Торэс?” ― расчаравана пытаецца ў мяне знаёмая. Форварда-прыгажуна са зборнай Іспаніі яна бачыла каля стадыёна “Дынама”.
“12 кастрычніка іспанцы праводзяць нашмат больш часу ў гатэлі. У дзень матча ніякіх мерапрыемстваў для іх не прадугледжана. А вось 11 кастрычніка яны сапраўды выходзілі ў горад. Гулялі па вуліцах, прайшліся па крамах. Частцы іспанскай дэлегацыі мы паказалі Нясвіжскі замак”, ― распавядаюць Еўрарадыё ў агенцтве, якое прымае іспанцаў у Беларусі і арганізуе “культурную праграму”.
Футбалісты зборнай Іспаніі пакуль што застаюцца недасяжнымі для фанатаў. Той-сёй паспеў узяць аўтографы пасля прэс-канферэнцыі, на якую 11 кастрычніка прыйшлі Фернанда Торэс і Альвара Арбелоа. Яшчэ некалькі роспісаў футбалісты паставілі ўвечары, падчас адкрытай трэніроўкі на стадыёне “Дынама”.
Фота: goals.by.