Рэстараны адказваюць мінчукам, якія скардзяцца на чарговую пешаходную вуліцу
Пешеходка перасякаецца з жылымі дамамі
"А вы зачыняйце вокны"
Піўны рэстаран "Гаштэт", чайхана "Баклажан", бар "Перасмешнік" — гучная музыка, якая грае ў гэтых установах да позняй ночы, прымусіла жыхарку дома №8 па вуліцы Камсамольскай Надзею Нянашаву напісаць скаргу ў Мінгарвыканкам.
"Па раніцах нас будзіць шум будоўлі [у толькі што адрамантаваным "пешаходным цэнтры" Мінска працягваецца рамонт ліўневай каналізацыі], а па начах не дае спаць музыка з рэстаранаў, — распавядае яна Еўрарадыё. — Тыя, што адчынены ў нежылым фондзе, атрымалі права працаваць да 2-4 гадзін раніцы. На вуліцы вісяць калонкі і транслююць музычную праграму! Людзі, якія жывуць побач, вымушаныя гэта цярпець. А як з нашым правам на адпачынак?"
Па словах мінчанкі, яна тры месяцы прыходзіла да рэстаратара з просьбамі даць людзям паспаць. Але ніякай рэакцыі акрамя фразы: "А вы зачыняйце вокны" — не было. Таму прыйшлося скардзіцца кіраўніцтву горада.
Падобная гісторыя ўжо адбывалася ў Мінску на вуліцы Карла Маркса. У траўні 2012 года рух на ёй сталі абмяжоўваць на выхадныя ў летні час. У гэтыя дні тут збіраліся музыкі, мастакі і акцёры — у сталіцы, нарэшце, з'явілася месца, дзе пастаянна адбывалася нешта цікавае. Праз пару сезонаў пешеходку на Маркса прыкрылі. Гэта адбылося пасля скаргаў мясцовых жыхароў на шум пад вокнамі.
"Кіраўніцтва распарадзілася прыбраць калонкі. Я іх зняў"
Няўжо дзеля начных прыбыткаў рэстараны гатовыя ахвяраваць спакоем жыхароў гістарычнага цэнтра? Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, што думаюць на гэты конт работнікі згаданых устаноў. І ведаеце, што? Ды яны проста святыя!
У адміністрацыі "Гаштэта" нам сказалі, што калонкі на вуліцу ніхто не выносіць.
"У нас жывая музыка толькі па выходных і толькі ўнутры, — кажуць тут. — Як гэта можа перашкаджаць людзям, якія жывуць у кватэрах, не ясна. Можа быць, нейкія наведвальнікі потым ідуць шпацыраваць па вуліцы ці сядзяць і размаўляюць на лавачках, але гэта пракантраляваць немагчыма. Пешаходны цэнтр".
У адрозненне ад "Гаштэта", у "Баклажане", акрамя жывой музыкі ўнутры ўстановы, калонкі звонку раней віселі. Першым, з кім атрымалася пагутарыць тут, стаў як раз спецыяліст па тэхніцы.
"Каб вы ведалі, учора [22 жніўня. — Еўрарадыё] кіраўніцтва загадала прыбраць калонкі. Я іх зняў", — сказаў ён.
Выслухаўшы гісторыю пра скаргі, мужчына задае рытарычнае пытанне: "Я б таксама скардзіўся, калі б мне нешта перашкаджаў, але хто прыдумаў і даў заданне арганізаваць тут пешаходную вуліцу: тыя, хто скардзіцца, або Мінгарвыканкам?"
"Тэлефанаваць і скардзіцца пачынаюць ужо пасля 22:00"
Гутарку падхоплівае адміністратар Наталля Алаф’ева. Дзяўчына прыгадвае, што раней працавала ў адной з устаноў на праспекце Незалежнасці. Там жыхары таксама ўвесь час скардзіліся на шум, нягледзячы на гукаізаляцыю і тоўстыя цагляныя сцены "сталінкі".
"Тады работнікі баяліся выйсці пагутарыць або папаліць на вуліцу пасля змены, таму што незадаволенасць выклікаў нават нязначны шум, — кажа яна. — Што да "Баклажана", то ў нас ёсць выразная інструкцыя ад кіраўніцтва, калі і як уключаць музыку, каб нікому не замінаць.
Па выходных да 23:00 на тэрасе граюць музыкі. Мы маем на гэта поўнае права, але ў апошні час нам пачынаюць тэлефанаваць і скардзіцца ўжо пасля 22:00. Маё асабістае меркаванне — калі чалавек жыве ў цэнтры, ён павінен усведамляць тое, што так, будзе шумна. Ніхто не кажа: "Прадавайце кватэру і з'язджайце ў іншае месца". Але музыка ў турыстычным цэнтры — гэта натуральна. Калі ты не можаш памяняць сітуацыю, трэба памяняць сваё стаўленне да яе".
Тлумачачы апошнюю фразу, Наталля распавядае, як турысты часта скардзяцца на тое, што ў Мінску ў буднія дні пасля 23:00 жыццё замірае.
"Калі мы хочам, каб у гасцей горада не складалася ўражанне, што ў нас няма чым заняцца, сітуацыю трэба выпраўляць. Мне здаецца, што гэта выдатна, калі ёсць месцы, дзе можна адпачыць. Калі ўсё пазачыняць і забараніць, ад гэтага пацерпіць імідж горада. Навошта трэба было арганізоўваць пешеходку, ўліваць у яе такія вялізныя грошы, калі цяпер тут нельга будзе расслабіцца? Усе проста пойдуць на Зыбіцкую — туды, дзе няма жылых дамоў, дзе можна патанчыць, пашумець, пакрычаць".
Дзяўчына кажа, што пасля таго, як жывая музычная праграма на тэрасе заканчваецца, музыка пераходзіць у бар. У памяшканні працуе кандыцыянер, таму ёсць магчымасць зачыняць вокны і не дастаўляць нязручнасцяў мясцовым жыхарам. Тым не менш, скаргі працягваюцца.
"Нас часам блытаюць з суседзямі. Літаральна нядаўна нам тэлефанавалі і скардзіліся на музыку, а музыкі гралі ў суседнім "Перасмешніку". Зразумейце, нам самім не ў кайф з некім лаяцца, таму стараемся рабіць максімальна ўсё, што ад нас залежыць".
"Цяпер цікава, што нас чакае пасля гэтых скаргаў"
Бармэн "перасмешніка" Сяргей распавядае, што з 21:00 да 23:00 на тэрасе ўстановы можна паслухаць жывую музыку, але потым музыкі, як і ў "Баклажане" перамяшчаюцца ўнутр, а калонкі выключаюцца.
"Скардзілася толькі адна жанчына, — не адмаўляе ён. — Можа быць, жыхарам нешта і чуваць. Я ў іх у гасцях не быў. Усё, што можна, мы робім. Па мне, музыкі граюць і спяваюць не гучна. Так, сядзяць яны ля ўваходу, але калонкі выключаны. Мы ўнутры. Вы прапануеце паставіць нам кандыцыянеры і пластыкавыя вокны, і вырашыць пытанне так? Цяпер цікава, што нас чакае пасля гэтых скаргаў. Калі прыедзе праверка і нам замераюць узровень гуку, мы атрымаем афіцыйнае пацверджанне таго, што ў нас усё нармальна, таму музыкі будуць працягваць іграць".
Шум на пешаходцы — не адзінае, што не задавальняе Надзею ў новым абліччы пешаходнага цэнтра горада.
"Людзі не адрозніваюць пешаходную зону ад праезнай часткі, — адзначае яна. — На Рэвалюцыйнай, каля бара "Вінная шафа", пастаянна збіраюцца наведвальнікі і не даюць праехаць машынам. Неяк раз я там доўга прастаяла па дарозе на вакзал, хтосьці паставіў на дах маёй машыны келіх віна, хтосьці штурхаў нагамі колы".
На гэта ва ўстанове Еўрарадыё адказалі, што нічога падобнага сёлета адбыцца не магло, бо праезную частку ад пешаходнай адгарадзілі ланцугом, а сярод наведвальнікаў у асноўным дзяўчаты, якія не стануць біць нагамі па колах.
"Мы назіраем, што адбываецца звонку. У выпадку чаго — адразу рэагуем", — сказалі тут.
* * *
Агенцтва "Мінск-Навіны" паведамляе, што пасля звароту Надзеі Ненашавай старшыня Мінгарвыканкама даручыў сабраць уладальнікаў устаноў на "пешаходцы" і абавязаць іх заключыць дамову на ахову квартала. Акрамя таго, ім будзе даручана дэмантаваць калонкі з фасадаў. У бліжэйшы час у квартале з'явяцца шлагбаўмы, а кантроль за выкананнем установамі правілаў і рэжыму працы ўзмоцняць.