Руся пра песню для "Еўрабачання": Гэта сексуальны, агрэсіўны трэк у духу Лордзі
26 снежня Белтэлерадыёкампанія скончыла прымаць заяўкі на ўдзел у "Еўрабачанні-2018". Сярод тых, хто даслаў бандэроль у апошні дзень прыёму — этна-электронны гурт Shuma. У жывым эфіры Еўрарадыё лідарка каманды Руся распавяла, што падштурхнула яе і калег паўдзельнічаць у самым папулярным песенным конкурсе Еўропы.
Глядзіце размову цалкам:
Падаць заяўку на "Еўрабачанне" — не спантаннае рашэнне. Планавалі гэта зрабіць, але не сачылі. Маўляў, "Еўрабачанне", трэба падацца, там клёвая аўдыторыя... У выніку ледзь не спазніліся і паслалі бандэроль у апошні дзень прыёму.
Мы падрыхтавалі кампазіцыю на аснове песні "Ішлі хмаркі ў тры паркі", цалкам перапрацавалі яе. Гэта гісторыя пра тое, як дзяўчына хоча кахацца з хлопцам, а маці ёй не дазваляе. Разам з Alexis Scorpio мы зрабілі танцавальную версію. Яна па настроі, па вайбе і груве яна нагадвае Лордзі. Трэк атрымаўся сексуальны, агрэсіўны, нахабны. Ён зусім не падобны звыклую "Шуму", якая асацыюецца з мяккасцю і жаноцкасцю. Там вельмі сучасны саўнд і шмат кашэрна-папсовых фішачак. Не ведаю, ці спадабаецца камісіі. Мне падаецца, што гэта даволі рэвалюцыйны падыход да выбару трэка на "Еўрабачанне".
Вядома, "Еўрабачанне" — гэта фармат папулярнай музыкі. Але мы хочам пашырыць сваю аўдыторыю і клёва тусануць. Песня будзе гатовая бліжэй да адбору.
У нас ёсць пэўная сума на падрыхтоўку да "Еўрабачання". Таксама ёсць некалькі партнёраў, з якімі мы цяпер вядзём перамовы наконт інвестыцый. Ну, і мне падаецца, што калі песня патрапіць у фінал адбору, і заяўка будзе моцная (я спадзяюся, бо мы ўклалі шмат намаганняў), знойдуцца інвестары, бо гэта цікавы прадукт. Ёсць фірмы, якія з радасцю будуць рэкламаваць свой прадукт праз гэту акцыю, бо гэта добры хайп і вялікая аўдыторыя. Хто ж адмовіцца?
Я не сачыла за "Еўрабачаннем". Але мне вельмі падабаецца песня Loreen, з якой яна выйграла конкурс. Наш трэк будзе гатовы перад праслухоўваннем.