Новае пакаленне: "зручны ў побыце" Дзяніс Дудзінскі
Дзяніс Дудзінскі / Таццяна Менская, Еўрарадыё
Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наш герой — Дзяніс Дудзінскі: шоўмен, які знайшоў у сабе сілы пакінуць беларускае тэлебачанне і падтрымаць пратэсты.
Сёння, праз некалькі дзён пасля допыту ў ДФР, Дзяніс Дудзінскі разам з жонкай Кацярынай Раецкай вымушаны быў пакінуць Беларусь.
Я зручны ў побыце чалавек. Мне зручна ўсё, я лёгкі! Раніцай устаў, уключыў свой унутраны комп. Што сёння буду рабіць? Ды ўсё! Гляджу ў свой нататнічак. Уаў — ёсць фортка, выдатна! Усякую прапанову вырашаю на хаду і па дарозе. Хтосьці напісаў: Дэн, зайдзі, справа ёсць — звярнуў, зайшоў. Магу ісці, убачыць паведамленне і памяняць маршрут, напрыклад, пафатаграфавацца для праекта. Вось як ішоў, так і пайду! Мой арганізм такі!
У мяне простая аксіёма: ва ўсім, што табе не падабаецца, вінаваты ты сам. Прыдумаў алгарытм самавінаватасці, прыдатны для ўсякай сітуацыі. Напрыклад, лячу ў самалёце. Побач гарлапаніць дзіця. Бесіць! А хто вінаваты? Той, хто не купіў білет у бізнес-клас. Няма грошай? Хто вінаваты, што ты іх не зарабіў і эканоміш?
І трэба было б падысці да сцюардэсы, каб яна дапамагла вырашыць гэту праблему, але ты не можаш! Ты не ведаеш мовы! Хто вінаваты, што ты не ведаеш? І хто вінаваты, што ты не ўзяў з сабой бірушы? М? Гэтыя практыкаванні добра расслабляюць. Ледзь не будыстам становішся.
Праца? З працай у мяне выдатна: дзесьці зменшылася, дзесьці прыбавілася. Зменшылася з боку дзяржструктур, прыбавілася з процілеглага. А ідэй і энергіі стала нават больш. Вядома, ідэй хапала і раней, але, працуючы на ТБ, ты пастаянна знаходзіўся ў межах.
Галоўнае было выконваць карпарацыйную этыку. Кожны раз, калі я публікаваў нешта ў сваім фэйсбуку, мне казалі: асцярожней там, ты твар Белтэлерадыёкампаніі! (з пафасам)
І вось ты такі твар, што не можаш уліць у сябе ўвечары бутэльку гарэлкі і прабегчыся галышом па праспекце (смяецца), як бы табе гэтага ні хацелася. А цяпер усё, што я раблю, па любові. Хачу — пішу "Дзяніскавы апавяданні". Хачу — здымаюся ў новым кліпе "Крамы".
Я не задумваюся, як я выглядаю. Мой вобраз — максімальна нерэфлектыўны. Як толькі мяне наведваюць такія думкі, ганю іх. Я наогул чалавек, які не думае (ха-ха, смяецца). У зносінах з людзьмі я плыву па цячэнні — не тлумлю сабе галавы гатункам кавы, віскі, ежай. Я атрымліваю задавальненне ад прастаты.
Страхі? Для мяне адно страшна — страціць свой унутраны баланс. Цяпер я значна больш адчуваю радасць жыцця. І прывучыў сябе — што б ні адбывалася, заставацца ў балансе. А тое, што адбываецца, "убудоўваць" у сваё бачанне свету.
Ты сам пастанаўляеш як адседзець свае 15 сутак. Варыянт 1: Госпадзе, усё прапала, я ў турме! І хапацца за галаву: жонка мяне кіне, дачка пойдзе, я нап'юся і памру пад плотам. Варыянт 2: гэта ж піянерскі лагер без магчымасці выходзіць. Варыянт 3: я еду ў купэ і проста вымушаны ў гэтых умовах існаваць. Трэба выбіраць.
І ты можаш не есці гэтую баланду з "крэветкамі". Але разумееш, што рана ці позна давядзецца.
Пакуль я сядзеў у камеры адзін, перачытаў усе надпісы на сурвэтках і мыле: на казахскай мове, ды на ўсіх магчымых і немагчымых мовах! Для мяне складана нічога не рабіць. Паляжаў, пахадзіў, паадціскаўся. Пазнаёміўся з прыбіральняй, з дзясятак разоў пачысціў зубы і, пакуль не з'явіліся сукамернікі, кнігі і газеты, я неяк няўтульна адчуваў сябе.
Героі? [Дзяніса ў яго інстаграме аднойчы назвалі "нацыянальным здабыткам беларускага народа". — Еўрарадыё] Людзям патрэбныя арыенціры. А паколькі людзі не ведаюць, як гэтыя арыенціры назваць, яны іх называюць героямі.
Тэатр — гэта для мяне. Мне цікава. Там я вырашаю свае праблемы. Задачу рэжысёра заўсёды выконваю, а нечую адсябяціну — не. Ну я ж дарослы чалавек.
Але я выслухаю рэжысёра, і калі ён кажа канкрэтна, што рабіць, — раблю. Але імправізаваць люблю. Хоць разумею, што кожны рэжысёр ведае больш, чым я.
Не ўсе сцэны кахання мне даюцца. Я не такі!
Я не люблю рабіць тое, што патрабуе эмацыйных і фізічных укладанняў, калі няма канкрэтнай мэты і задачы. Я спантанны. Люблю гаварыць #адразуне.
Мара павінна заставацца марай. Мару трэба ахоўваць. Напрыклад, я заўсёды марыў трапіць на канцэрт DEPESHE MODE. Але на тыя два канцэрты, што былі ў Мінску, свядома не пайшоў. І ў Аўстралію не паеду ніколі — таму што гэта запаветная мара.
Толькі адну мару я спадзяюся ажыццявіць — дзеці, якіх мы плануем з Кацяй [Кацярына Раецкая — жонка Дзяніса Дудзінскага. — Еўрарадыё]. Мы так моцна кахаем адно аднаго і яшчэ не набыліся, не накахаліся разам. Яшчэ хочацца проста надыхацца адно адным — гэта афігеннае пачуццё!
І я п'ю фоліевую кіслату, як жонка мне загадала!
Ідэя, фота, тэкст — Таццяна Менская
Стыліст — Надзея Сліжэўская
Пост скрыптум:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.