“Шпіёны ўнутры сям'і”. Навошта беларускіх школьнікаў возяць у вайсковыя часткі

"Вашы дзеці будуць сачыць за вамі" /  t.me/modmilby
"Вашы дзеці будуць сачыць за вамі" /  t.me/modmilby

"Тое, што дзяцей адпраўляюць на такія вось мерапрыемствы, сведчыць, што ў дзейных уладаў сур'ёзныя трывалыя планы на беларускі народ", — папярэджвае чытачоў Еўрарадыё псіхолаг Наталля Скібская. Разам з нашым экспертам абмяркоўваем, для чаго школьнікаў так часта апошнім часам адпраўляюць на палігоны пагуляцца са зброяй і арганізоўваюць для іх усялякія "ваенна-патрыятычныя" заняткі. Чым пагражае такое выхаванне новага пакалення і ці можна з гэтым нешта рабіць?

“Шпионы внутри семьи”. Зачем белорусских школьников возят в воинские части
Псіхолаг Наталля Скібская / Еўрарадыё

“Вашы дзеці ў нашых руках”

Упор ідзе на стратэгію, якая спрацуе не ў кароткатэрміновай перспектыве, каб усе хуценька спалохаліся і замаўчалі, а будзе далей сеяць параною.

Пакаленне цяперашніх дзяцей — гэта патэнцыйныя спажыўцы ідэалогіі і прыхільнікі рэжыму ў перспектыве. Атрымліваецца, што ўлады хочуць не толькі замбаваць дарослых людзей, якія паглынаюць гэтую прапаганду сёння, але і ўзгадаваць новую, пакорлівую масу беларусаў.

У дадатак далей дзеці, на якіх пачынае дзейнічаць прапаганда, могуць ператварыцца ў шпіёнаў унутры сваёй сям'і. Гэта такое пасланне бацькам: "Бойцеся сумленна казаць, пра што думаеце, — за вамі будуць сачыць уласныя дзеці, і калі што, магчыма, нават не свядома, але яны змогуць вас здаць". Гэта значыць, баяцца трэба цяпер усюды. Груба кажучы, гэта як паставіць відэакамеру ў кожнай кватэры.

Яшчэ адно пасланне бацькам: "Вашы дзеці ў нашых руках. Яны — нашы закладнікі. Так, яны жывуць з вамі, але наогул яны ў нашай уладзе". Усведамляць гэта даросламу чалавеку яшчэ страшней, чым калі б яго білі па галаве і настаўлялі да скроні пісталет.

Гэта напраўду жудасна, таму я ўвесь час кажу: увозьце сваіх дзяцей, хто можа. Не трэба калечыць псіхіку маладому пакаленню.

“Шпионы внутри семьи”. Зачем белорусских школьников возят в воинские части
"А як страляе?" / t.me/modmilby

Рэжым паказвае прыклад — правы той, хто мацнейшы

Выкарыстанне так званых "ваенна-патрыятычных" мерапрыемстваў — гэта вельмі рабочая і пераканаўчая стратэгія. Незалежна ад узросту людзі любяць групавацца, тусавацца — мы ўсе, у прынцыпе, сацыяльныя жывёлы.

Дзецям гэта цікава ўдвая. Яны разглядаюць любы ўдзел у актыўнасцях як забаву, таму для іх гэта ўсё класна, вельмі цікава і весела. У групе ёсць такая калектыўная энергія, якая зараджае і заражае. Узгадайце, як было на маршах у Беларусі, калі ўсе проста луналі ў адзіным парыве. Дзеці таксама такое адчуваюць, і таму ўсё, што яны робяць разам, мае вельмі магутны эфект.

Яшчэ я б дадала, што мерапрыемствы тыпу "Зарніцы", дэманстрацыі сілавых прыёмаў, зброі і фатаграфіі з ёй праводзяцца, каб у кагосьці выклікаць захапленне, а ў кагосьці — страх.

Напрыклад, калі дома ў дзіцяці няма аб'юзараў і яно расце ў атмасферы павагі і любові, вось такімі мерапрыемствамі можна прадэманстраваць, маўляў, мае рацыю той, хто мацнейшы. Слабых могуць прыгнесці ў самых розных сэнсах гэтага слова.

“Шпионы внутри семьи”. Зачем белорусских школьников возят в воинские части
Школьнікам цікава / t.me/modmilby

Развівайце ў дзецях крытычнае мысленне

Калі дзеці нараджаюцца, у іх няма крытычнага мыслення, але ёсць органы ўспрымання, праз якія яны спазнаюць гэты свет. Крытыка адсутнічае, і яны прымаюць усё тое, што ім прапануюць. Гульня — гэта іх спосаб пазнання свету і сябе ў ім. То-бок праз гульню дзеці асвойваюць сацыяльныя ролі і знаходзяць навыкі сацыяльных паводзінаў. Таму гульні так актыўна і выкарыстоўваюцца ў выхаванні і адукацыі.

Многія дзеці гуляюць з пісталетамі, і гэта, напэўна, не тое каб вельмі дрэнна. Нават калі дзіцяці не будуць купляць такія цацкі, падчас гульняў з аднагодкамі яно возьме палку і будзе "страляць" з яе. Такім чынам дзеці вучацца абыходзіцца з уласнай агрэсіяй.

Што ў такім выпадку рабіць бацькам? Паказвайце на ўласным прыкладзе, што ў свеце не ўсё вырашае сіла.

“Шпионы внутри семьи”. Зачем белорусских школьников возят в воинские части
Патрымаць у руках аўтамат і не памерці / t.me/modmilby

Роля таты

Важная тэма, якую трэба закрануць у кантэксце нашай праблемы, — гэта ўплыў татаў. Калі дома няма бацькі або фігуры, якая яго замяняе (дзядзькі, дзядулі), ці адносіны з бацькам дрэнныя, дзіця можа шукаць замену вось у гэтых дзядзьках, якія паказваюць яму аўтаматы, настаўніку па ваеннай падрыхтоўцы, а потым ваенкаме, якога ўсе дружна клічуць "баця".

У нашых сем'ях часта адказнасць за выхаванне дзіцяці ляжыць на маці, але таты павінны ўключацца. У крайнім выпадку ў асяроддзі дзіцяці павінны быць іншыя мужчыны, якія змогуць паказаць яму прыклад годнага чалавека. Магчыма, гэта сябры сям'і або трэнер у спартовай секцыі.

Сёння вельмі важна казаць менавіта пра выхаванне хлопчыкаў, бо жанчын на вайне не так шмат. У большасці сваёй менавіта мужчыны бяруць у рукі зброю і ўдзельнічаюць у такім калектыўным гвалце.

Жанчыны толькі прымаюць тую мадэль, якая магчымая для іх у гэтым грамадстве. Так што рэч у тату і ў ягонай ролі ў сям'і. Як ні круці, гвалт — гэта ўсё ж такі гендарна абумоўленая праблема. І чыста біялагічна менавіта мужчына схільны ідэнтыфікавацца з агрэсарам і прымаць ролю аб'юзара.

Паглядзіце, Пуцін і Лукашэнка — гэта хто? Менавіта тыя людзі, у якіх праблемы з фігурай бацькі. Таму, мужчыны, калі ласка, будзьце бацькамі, будзьце мужамі — будзьце наогул, прысутнічайце ў жыцці вашых дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі