Дзяцей з Украіны вывозілі ў Беларусь, — акупацыйныя ўлады Запарожскай вобласці
Украінскія дзеці ў Беларусі / БелТА
Дзяцей з Украіны вывозілі ў Беларусь "на аздараўленне". Пра гэта заявіў прадстаўнік акупацыйных уладаў Запарожскай вобласці Сяргей Талмачоў, які даў інтэрв'ю прапагандысту Грыгорыю Азаронку.
"Запарожская вобласць ужо вывозіла дзяцей у Беларусь. Беларусь — гэта наш стратэгічны, асноўны партнёр і саюзнік сярод усіх краін як постсавецкага лагера, так і ва ўсім свеце. Таму ўжо нашы дзеці — і асабліва з паўночных тэрыторый — выязджалі туда на адпачынак.
Літаральна нядаўна гэта было, месяц таму. Усе прыехалі акрыленыя, натхнёныя. Усім там вельмі спадабалася, таму Беларусі шчыры дзякуй", — сказаў Талмачоў.
Менавіта за вываз украінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Доказы пракурорам у Гаазе літаральна падарыла расійская амбудсвумэн, якая хвалілася, як яны "дапамагаюць дзеткам".
У выпадку з Аляксандрам Лукашэнкам пацвярджэнні ва ўдзеле ў кіднэпінгу таксама прыходзяць ад яго прыхільнікаў: Азаронка і паралімпійца Аляксея Талая. Той днямі распавёў, што пытаўся ў Лукашэнкі дазволу на вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. І атрымаў яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.