Украіна расследуе ролю Беларусі ў прымусовым вывазе дзяцей — Reuters
У Мінску кажуць, што дзяцей з Данбаса ў Беларусь вязуць "на аздараўленне" / БЕЛТА
Украіна расследуе ролю Беларусі ў прымусовай перадачы дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый, піша Reuters са спасылкай на офіс украінскага Генеральнага пракурора.
Удзел Беларусі вывучаецца ў рамках крымінальнай вытворчасці. Справа распачата па факце "прымусовай транспарціроўкі / дэпартацыі больш за 19 000 дзяцей" з акупаваных рэгіёнаў Данецкай, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай і Харкаўскай абласцей. Гэтых дзяцей, мяркуюць ва ўкраінскай пракуратуры, вывозілі ў тым ліку і ў Беларусь.
"Факт і абставіны вывазу ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў так званыя "аздараўленчыя лагеры" ў Беларусі цяпер расследуюцца ў рамках згаданай крымінальнай вытворчасці", — гаворыцца ў паведамленні офіса генпракурора Украіны. Reuters накіроўвала пытанні і ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, але адказаў не атрымала.
Нагадаем, у сакавіку Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і яго ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай па двух пунктах абвінавачвання ў ваенных злачынствах за перасоўванне сотняў украінскіх дзяцей у Расію. Беларускае Народнае антыкрызіснае ўпраўленне пазней апублікавала справаздачу, у якой гаварылася, што 2150 украінскіх дзяцей былі вывезеныя ў так званыя аздараўленчыя лагеры і санаторыі на беларускай тэрыторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.