Мінадукацыі анансавала змены ў парадку прыёму першакласнікаў

Школа, ілюстрацыйнае фота

Школа, ілюстрацыйнае фота

Парадак прыёму вучняў у першыя класы школ зменіцца. Гэта анансавалі ў Міністэрстве адукацыі.

Змены закрануць як тых бацькоў, якія пражываюць у замацаваных за школамі мікрараёнах, так і тых, хто хоча запісаць дзяцей на вольныя месцы.

Да 1 красавіка чыноўнікі вызначаць новыя межы мікрараёнаў, замацаваных за школамі. Раздзелы аб прыёме першакласнікаў з'явяцца на сайтах школ да 10 красавіка. Там можна будзе знайсці інфармацыю пра межы мікрараёна, запланаваную колькасць месцаў, графік працы прыёмнай камісіі, кантакты, а таксама пералік дакументаў для залічэння.

Прыём дакументаў на дзяцей, якія пражываюць у замацаваным раёне, пачнецца 12 чэрвеня. Бацькі, якія прэтэндуюць на вольныя месцы ў школе, змогуць запісацца на прыём да дырэктара з 12 чэрвеня па 15 жніўня. Заявы будуць рэгістравацца ў спецыяльным журнале. Інфармацыя пра колькасць пададзеных дакументаў будзе размяшчацца на сайтах школ.

Прыём дакументаў на свабодныя месцы будзе праводзіцца з 16 па 28 жніўня. Залічэнне дзяцей у першы клас будзе адбывацца ў парадку чаргі на аснове заяваў, пададзеных пры асабістым прыёме.

Загады пра залічэнне ў першыя класы будуць выдадзеныя да 31 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.