У Беларусі застаўся толькі адзін прыватны дзіцячы садок

Дзіцячы садок, ілюстрацыйнае фота

Дзіцячы садок, ілюстрацыйнае фота / educator.by

Толькі адзін прыватны дзіцячы садок застаўся ў Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю дзяржаўнай газеце "СБ. Беларусь сегодня" заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Ён згадаў садок "Елісеевы палі" ў вёсцы Сеніца Мінскага раёна і сказаў, што яго наведваюць каля 40 выхаванцаў.

Чыноўнік заявіў, быццам прыватнікі парушаюць санітарныя нормы і ставяць пад пагрозу жыццё і бяспеку дзяцей. Таму з імі змагаюцца: "Хачу адзначыць, што ў міністэрства паступаюць скаргі бацькоў з нараканнямі на адрас нядбайных прадпрымальнікаў. Скажу шчыра: сёння ў нас дастатковая колькасць непрыстойных суб'ектаў гаспадарання, якія пад выглядам іншых адукацыйных паслуг або так званых "развіваек" насамрэч рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі ў поўным аб'ёме. Аднак іх дзейнасць ставіць пад пагрозу бяспеку і здароўе дзяцей: адсутнічае кваліфікаваны педагагічны склад (з малымі займаюцца людзі з вуліцы), парушаюцца санітарныя нормы, няма належных умоў для сну і харчавання. Адбываецца банальнае зараблянне грошай на нашых дзецях!"

Актыўнае змаганне з прыватнай адукацыяй дзяржава вядзе апошнія некалькі гадоў. У лютым 2025-га Іванец казаў, што ў краіне дазволена працаваць усяго сямі прыватным установам адукацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.