Беларус, які дапамагаў зняволеным, уцёк з краіны і сам мае патрэбу ў дапамозе
Станіслаў Цыбінскі / Еўрарадыё
У сацыяльных сетках абвясцілі збор сродкаў для пацярпелага беларуса Станіслава Цыбінскага. У жніўні 2020-га мужчыну жорстка збілі амапаўцы, зламаўшы яму пры гэтым чатыры рабры.
На радзіме мужчына некалькі гадоў дапамагаў былым зняволеным вярнуцца да нармальнага жыцця. Разам з прыяцелямі арганізаваў грамадска-інфармацыйную пляцоўку "Беларускі цэнтр падтрымкі", а пад Шчучынам стварыў цэнтр па рэсацыялізацыі вызваленых. Па словах Цыбінскага, пасля выбараў сілавікі запатрабавалі, каб ён не падтрымліваў людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій, але мужчына з гэтым не пагадзіўся.
Адчуўшы пагрозу, Цыбінскі паехаў у Маскву, дзе яму зрабілі аперацыю. Ён вырашыў працягнуць сваю справу і пачаў дапамагаць былым зняволеным у Расіі. Пасля гэтага мужчынам зацікавілася ФСБ, і тыдзень таму яму зноў давялося выехаць — ужо ва Украіну. У будучыні Станіслаў марыць адкрыць інтэрнацыянальны фонд дапамогі экс-зняволеным, але пакуль не можа дапамагчы нават сабе.
Еўрарадыё: Нагадайце, калі і пры якіх абставінах вас збілі і як паўплывалі на вашае жыццё падзеі 2020-га?
Станіслаў Цыбінскі: Мяне выклікалі ў КДБ, бо там ім не падабалася, чым я займаўся. То-бок я дапамагаў зняволеным, а мне сказалі: "Будзеш дапамагаць палітычным — альбо пасадзім надоўга, альбо хтосьці знойдзе цябе ў рэчцы". Я хацеў дапамагаць усім. Я не глядзеў, па якіх артыкулах былі судзімыя людзі, для мяне гэта было не важна. Калі чалавек звярнуўся, значыць, яму патрэбна дапамога.
Кажу як ёсць: хацелі зрабіць з мяне стукача. Сказалі, што павінен фатаграфаваць пашпарты і абыходныя лісты былых зняволеных. Я сказаў, што гэтага рабіць не буду.
Пасля гэтага мяне збілі. Прычым жорстка — давялося класціся ў лякарню. Гэта здарылася ў часе мірнага маршу ў Гродне. У мяне не было з сабой ні плаката, ні сцяга. Я наогул ішоў дадому.
Мяне ўдарылі ў спіну. Я ўбачыў, што чалавек быў у балаклаве, ніякіх апазнавальных знакаў на ім не заўважыў, як і на прыпаркаваным недалёка бусіку.
Адзін з амапаўцаў мяне пазнаў, таму што паглядзеў калісьці са мной інтэрв'ю. І ён сказаў: "Ааа! Ты зэк!" Я адказаў: "Не, я вольны чалавек: магу хадзіць па вуліцах, рабіць пакупкі, таксаваць. Які ж я зэк?" А ён адказаў: "Не, ты зэк. На табе кляймо!"
Еўрарадыё: І потым вы трапілі ў лякарню... Дзе лячыліся?
Станіслаў Цыбінскі: Мне была патрэбна сур'ёзная аперацыя. Прапаноўвалі лячыцца ў Германіі, але для гэтага трэба было атрымаць візу, прайсці каранцін і атрымаць некаторыя іншыя дазволы. Гэта б зацягнулася на тры месяцы, а часу ў мяне не было. Мой тэрапеўт у Беларусі сказаў: "Калі табе тэрмінова не зробяць аперацыю, ты памрэш". Мне прабілі лёгкае, у ім утварыўся крывяны тромб.
Прыехаў у Маскву. Мне дапамаглі мае былыя падапечныя, паклалі ў самую добрую клініку Скліфасоўскага. Там мне зрабілі дзве аперацыі.
Еўрарадыё: Як вы жылі ў Маскве і чаму давялося выехаць?
Станіслаў Цыбінскі: Мабыць, не моцна разумеючы, у якой краіне знаходжуся, я зноў пачаў дапамагаць людзям: адпраўляў у Беларусь пасылкі і бандэролі. Потым мяне затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Не білі.
Мне казалі, маўляў, вось ты прыехаў да нас сюды і цяпер хочаш зладзіць нейкі пераварот. Які пераварот?! У выніку адпусцілі, але я ведаю, што адпускалі не толькі мяне, але і іншых людзей, а потым затрымлівалі зноў і адпраўлялі ў Беларусь. Я магу памыляцца, але мне здаецца, яны сябе так паводзяць, каб паглядзець, з кім хто потым звязваецца і сустракаецца.
У Маскве я працаваў у добрых рэстаранах, але калі мяне адпусцілі з ФСБ, зламаў сімку, узяў у ламбардзе новы тэлефон, зарэгістраваў нумар на старонняга чалавека і патэлефанаваў у Кіеў. Тут ёсць людзі, якім я калісьці дапамагаў, цяпер яны дапамагаюць мне, за што ім вялікі дзякуй. Так, я зноў пераехаў.
Еўрарадыё: Як вы сябе адчуваеце і якая патрэбна дапамога?
Станіслаў Цыбінскі: Калі шчыра, уцякаў без запасных шкарпэтак і бялізны. Цяпер я вельмі моцна захварэў. Пакуль не ведаю, каранавірус гэта ці не, але трэба схадзіць да лекара, каб ён мяне абследаваў, паглядзеў, што са мной не так, і даў свае рэкамендацыі.
Я павінен хутчэй вылечыцца. Мне б хацелася арганізаваць тут фонд дапамогі былым зняволеным, але я не ведаю, ці ўхваляць гэта ўлады Украіны. Я прыехаў сем дзён таму. Самае галоўнае, што пакуль ёсць дзе жыць. Праўда, з жыллём дапамаглі ўсяго на 21 дзень.
Еўрарадыё: Ва Украіну ўцякаюць многія беларусы, частка з іх потым едзе далей у Еўропу. Яны кажуць, што не адчуваюць сябе ва Украіне абароненымі, а ў вас у планах адкрыць фонд…
Станіслаў Цыбінскі: Так, людзі пачалі выязджаць адсюль пасля забойства беларуса Віталя Шышова. У мяне няма ў планах заставацца ў Кіеве. Калі адкрыю фонд, мне б хацелася, каб ён быў інтэрнацыянальным. Гэта значыць, я магу паехаць куды захачу, а на месцах мне будуць дапамагаць валанцёры.
Еўрарадыё: Некалькі гадоў таму вы расказвалі нашым чытачам, як вырашылі дапамагаць былым зняволеным пасля таго, як самі выйшлі з турмы. Вы казалі, што доўга не маглі знайсці працу, што прасілі ежу на вуліцах і людзі ставіліся да вас з пагардай…
Еўрарадыё: Вы хочаце вярнуцца ў Беларусь?
Станіслаў Цыбінскі: Калі там зменіцца ўлада, то так, а так — не. Я не хачу, каб мяне зноў збівалі і з мяне здзекаваліся. Хачу вярнуцца ў новую Беларусь. Хачу вярнуцца ў тую Беларусь, у якой мяне не будуць збіваць за маё меркаванне, якая будзе прыгожая і шчаслівая, у якой можна жыць і радавацца. Хачу вярнуцца ў Беларусь, дзе можна дапамагаць людзям, калі яны апынуліся ў цяжкай сітуацыі, і цябе ніхто за гэта не асудзіць.
Еўрарадыё: Пра што вы марыце?
Станіслаў Цыбінскі: Ёсць вялікая мара пра шчасце для ўсіх людзей, якім бы неймаверным гэта ні здавалася. А яшчэ мару, каб мы вярнулі сваю незалежнасць. Надзея на незалежнасць — гэта самае галоўнае, што нас аб'ядноўвае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.