Са спілаваным дубам Напалеона ў Бешанковічах разбярэцца пракуратура

Грамадскае аб’яднанне “Экадом” накіравала ў Віцебскую абласную пракуратуру скаргу, у якой просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання па факце парушэння беларускага заканадаўства ў галіне аховы прыроды ў выніку прычынення шкоды старажытнаму дубу ў Бешанковічах. 28 кастрычніка ў Бешанковічах быў абпілаваны 400-гадовы дуб, з якім звязаная мясцовая легенда пра Напалеона. Цалкам магчыма, што каб не хваля публікацый у прэсе і грамадскае абурэнне, то дрэва канчаткова спляжылі б. Аднак і тое, што засталося ад былога волата, дрэвам ужо назваць цяжка.

Юрысты грамадскага аб’яднання “Экадом” лічаць, што ў дзеяннях бешанковіцкіх чыноўнікаў можна ўгледзіць склад крымінальнага злачынства. Некаторыя чыноўнікі спрабуюць апраўдацца, сцвярджаючы, што старажытны дуб не меў ніякай каштоўнасці, быў шэраговым дрэвам і не знаходзіўся пад аховай дзяржавы. Але ў Нацыянальным кадастравым агенцтве пад кодам 2205904001, як помнік прыроды мясцовага значэння зарэгістраваны ўвесь парк сядзібы Храптовічаў у гарадскім пасёлку Бешанковічы.
 
Акрамя ўсяго вышэй пералічанага, дуб у Бешанковічах унесены ў турыстычныя маршруты. Напрыклад , у аўтамабільны маршрут “Па слядах Напалеона”, распрацаваны сумесным беларуска-латвійскім праектам “Бэлла Дзвіна”, які атрымаў ад Еўрапейскага Саюза амаль 487 тысяч еўра, нагадвае сайт Народныя навіны Віцебска.