Сацыёлаг: Толькі 26% беларусаў не ўсведамляюць сябе савецкімі людзьмі

111208 Jafimava s.mp3

Еўрарадыё: Наколькі СССР застаўся ў галовах беларусаў?


Надзея Яфімава: Пытанне дастаткова складанае і сходу адказаць на яго цяжка. Але прыгадваючы нашыя апошнія даследаванні, калі мы задаем рэспандэнтам пытанне: кім вы сябе ўсведамляеце, мы прапануем шмат варыянтаў адказаў – грамадзянін Беларусі, еўрапеец, савецкі чалавек. Зараз 26% апытаных беларусаў зусім не ўсведамляюць сябе савецкімі людзьмі. Але 2/3 у нейкай ступені усё яшчэ ўсведамляюць некаторую далучанасць да Савецкага Саюза. Вядома, сярод гэтых 26 адсоткаў, што савецкімі сябе не лічаць, больш за ўсё моладзі. Яны найбольш усведамляюць сябе грамадзянамі Беларусі, еўрапейцамі. 13 адсоткаў апытаных найперш лічаць сябе еўрапейцамі, а потым ужо беларусамі ці славянамі ці кімсьці яшчэ. Што гэта азначае – быць савецкім чалавекам? Хутчэй за ўсё, людзі, што па-ранейшаму ўсведамляюць, што яны жывуць у гэтай вялікай краіне, як Савецкі Саюз і ўсё яшчэ з’яўляюцца носьбітамі адпаведных каштоўнасцяў.

Еўрарадыё: Якія асноўныя вартасці, прыярытэты савецкага чалавека?


Надзея Яфімава: Можна сказаць, што гэта людзі, актыўныя як частка цэлага, яны не ўсведамляюць сябе асабіста актыўнымі і асабіста адказнымі. У вострай сітуацыі яны прамаўчалі б, але калі па нейкім пытанні выступае большасць – яны далучыліся б. Яны лічаць, што дзяржава перш за ўсё адказная за тое, каб чалавек быў паспяховым, каб ён меў добрую працу, меў дабрабыт. Яны аддаюць перавагу працы на дзяржаўных прадпрыемствах. Чалавек, які ў меншай ступені ўсведамляе сябе савецкім, праяўляе больш асабістай ініцыятывы, ён менш спадзяецца на дзяржаву і больш – на сябе самога. Ён і свой дабрабыт і сваю грамадскую актыўнасць лічыць сваімі асабістымі справамі.

Еўрарадыё: А на якім месцы ў прыярытэтах знаходзіцца свабода?


Надзея Яфімава: Свабода – гэта вельмі шырокае паняцце і кожны разумее яе па-свойму. Цэніць свабоду кожны чалавек, незалежна ад таго, ці лічыць ён сябе савецкім, ці не. Але гэта розная свабода. Для савецкага чалавека – гэта свабода ад замежнага ўплыву, маўляў, мы самі па сабе, мы ўплываем, а не на нас. А свабода несавецкага чалавека – гэта менавіта свабода асобы, індывідуальная свабода – паехаць куды хачу, зарабляць колькі хачу і працаваць у любой форме ўласнасці. А што датычыцца агульных каштоўнасцяў – апроч свабоды - гэта сям’я, здароўе – яны агульныя для ўсіх.

Еўрарадыё: СССР быў ясным наборам каштоўнасцяў. Пасля развалу СССР не засталося альтэрнатывы?


Надзея Яфімава: Безумоўна, савецкаму чалавеку было прасцей жыць, яму прапаноўваўся гэты пакет і ён безумоўна яго прымаў без усялякай крытычнай ацэнкі. Дзіўна што зараз застаецца арыентацыя на тыя савецкія ідэалагічныя каштоўнасці, пры тым, што ў рэальным жыцці чалавек даўно ўжо ў іх расчараваўся. Тым не менш, на ідэалагічным узроўні ён лічыць, што гэта акурат тое, што трэба. Я думаю, што ў працэсе самастойнага засваення рэальнасці чалавек павінен усвядоміць, што для яго насамрэч важна. Не думаю, што гэтыя каштоўнасці застануцца на прыземленым узроўні, тым больш што цывілізацыя прапаноўвае цалкам вартыя каштоўнасці, я маю зараз на ўвазе еўрапейскія каштоўнасці. Я не думаю, што яны драбнейшыя, чым тое, у што верыў савецкі чалавек. У кожным разе, павінна быць пэўная праца душы, каб новыя каштоўнасці ўспрыняць, засвоіць і зрабіць сваімі. Я думаю, што праблема ў гэтым, а не ў тым, што яны горшыя за старыя.

Еўрарадыё: Колькі часу патрэбна, каб у нашым грамадстве адбылася перабудова на новыя каштоўнасці?


Надзея Яфімава: Усё залежыць ад абставінаў, ад таго, якім шляхам пойдзе Беларусь далей. Калі яна будзе рухацца ў бок Еўропы, то не думаю, што гэта зойме вельмі шмат часу, будуць успрынятыя еўрапейскія, агульначалавечыя каштоўнасці. Яны нічым не супярэчаць нашым людзям, асабліва маладым, якія ўжо на гэтыя каштоўнасці арыентаваныя. Але ёсць і іншыя варыянты, калі наш шлях будзе даўжэйшым і складанейшым. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі