Самым небяспечным апанентам Лукашэнкі быў Пазняк — экс-спецназавец Паўлічэнка

Зянон Пазняк

Зянон Пазняк / Еўрарадыё

Самым небяспечным апанентам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі быў лідар Белаарускага Народнага Фронту Зянон Пазняк. Такое меркаванне выказаў былы камандзір брыгады спецназу Дзмітрый Паўлічэнка, якога падазраюць у дачыненні да гучных знікненняў апазіцыянераў. Інтэрв'ю з ім з'явілася ў прапагандысцкай праграме "Скажы не маўчы".

"Самым моцным і небяспечным апанентам прэзідэнта быў лідар у той час вельмі шматлікай партыі БНФ Зянон Станіслававіч Пазняк. Гэта быў самы моцны наш праціўнік. Самы вытанчаны, самы інтэлектуальны і здольны сваёй харызмай падняць даволі вялікая колькасць людзей", — прыводзіць "Зеркало" словы Паўлічэнкі.

Ён згадаў, што ў 90-я гады адбываліся шматлікія вулічныя акцыі пратэсту. Заявіў, што былі частыя сутычкі з міліцыяй і ўнутранымі войскамі. Па словах Паўлічэнкі, Пазняк усе сродкі выдаткоўваў "менавіта на барацьбу". Пры гэтым экс-спецназавец паўтарыў прапагандысцкі міф пра "п'яных пратэстоўцаў": "Аматар выпіць выходзіць — яму бутэлька. Гэта значыць, усё выдаткоўвалася сапраўды на барацьбу".

Палітычнай памылкай ён назваў стаўку Пазняка на нацыяналізм. Нібыта, БНФ раскалоўся менавіта праз "агрэсіўную нацыяналістычную палітыку лідара Пазняка" і лідар быў вымушаны эміграваць. Насамрэч Зянон Пазняк эміграваў увесну 1996 года пасля жорсткага разгону ўладамі "Чарнобыльскага Шляху" і пачатку крымінальнай справы. Раскол БНФ на партыю БНФ і Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю БНФ адбыўся ў 1999 годзе.

Дзмітрыя Паўлічэнку, як і шэраг іншых высокапастаўленых сілавікоў, падазраюць у датычнасці да знікнення апазіцыйных палітыкаў напрыканцы 1990-х.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі