Ужо ўсю Беларусь перашукалі. Ну і дзе яны? — Паўлічэнка пра зніклых палітыкаў
Дзмітрый Паўлічэнка / ctv.by
Былы камандзір брыгады спецназа Дзмітрый Паўлічэнка, якога падазраюць у датычнасці да палітычных забойстваў апанентаў Лукашэнкі, пракаментаваў гэтыя абвінавачванні. Размова ідзе пра падзеі канца 1990-пачатку 2000. Тады без вестак зніклі былы міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка, экс-кіраўнік ЦВК Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі, а таксама аператар і калега Паўла Шарамета Дзмітрый Завадскі.
Паўлічэнка адзначыў, што "у свой час мы вельмі жорстка наводзілі парадак у краіне. Гэта многім не падабалася. І прыдумалі шмат легенд і казак пра нейкіх зніклых". Апаненты Лукашэнкі зніклі больш за 20 гадоў таму. І што з імі адбылося, дагэтуль невядома. "Ну вось колькі іх шукаюць? Хіба што ўжо ўсю Беларусь перакапалі, перашукалі, кожнага беларуса спыталі. Ну і дзе яны?" — заявіў Паўлічэнка супрацоўніку СТВ Рыгору Азаронку.
Азаронак спытаў Паўлічэнку і пра падзеі 2020 года. Той вельмі эмацыйна адазваўся аб прадстаўніку Аб'яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны і бяспекі Валерыі Сахашчыку. Сказаў, што яны сябравалі, разам падымалі брыгады, а потым "ты прадаўся за пяць злотых?". На думку Паўлічэнкі, афіцэры, якія сталі на бок народа, "здрадзілі Радзіме", якая іх "вучыла бясплатна, апранала, абувала, плаціла вам заробак, давала кватэры". Пры гэтым Паўлічэнка прызнаў, што людзей, якія не хацелі ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў у 2020-м было нямала. Яны бралі адпачынак або сыходзілі на бальнічны. І такіх быў не адзін дзясятак. Паўлічэнка заявіў, што такіх людзей трэба "знаходзіць, выкарчоўваць і ставіць на месца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.