Севярынец: Калі не будзе салідарнасці з боку беларусаў, можа здарыцца экстрадыцыя

Еўрарадыё: Прадпрымальніка, які дапамагаў "Маладому фронту" і быў вымушаны эміграваць, беларускія ўлады вінавацяць у фінансавых махінацыях. Афіцыйны Мінск дамагаецца выдачы Андрэя Жукаўца на радзіму. Абарона палітычнага эмігранта ў судзе неаднаразова зважала на фальсіфікацыю дакументаў з беларускага боку. Як бы вы пракаментавалі прысуд Андрэю Жукаўцу? Я нагадаю, што суддзя вынес прысуд — 3 гады зняволення, нават калі пракурор прасіў 2,5 года ўмоўна.

Павел Севярынец: Насамрэч, я ўпэўнены, што гэты прысуд несправядлівы, справа сфальсіфікаваная. Сфальсіфікаваная ў Беластоку па матэрыялах, прадстаўленых органамі так званага беларускага правасуддзя. На гэтую справу, якая цягнецца гадамі, звярталі ўвагу вышэйшыя польскія чыноўнікі, былі відавочныя парушэнні заканадаўства пры падрыхтоўцы і разглядзе справы. Былі спробы перадаць Жукаўца ў Беларусь. Таму я лічу, што гэтая пастанова будзе адмененая на вышэйшым узроўні пры апеляцыі. Бо польская юстыцыя — гэта не беларуская, там адрозніваюць праўду ад хлусні. Беларускія сілавікі асабліва прыцэліліся на Жукаўца ў тыя часы, калі ён дапамагаў беларускаму дэмакратычнаму руху. У тым ліку, і Маладому Фронту. Калі я Маладым Фронтам кіраваў, то магілёўскі Малады Фронт, мінскі Малады Фронт атрымлівалі ад Жукаўца фінансавую дапамогу. З-за гэта бізнэс Жукаўца знішчалі, яго фактычна прымусілі пакінуць краіну, не далі завяршыць фінансавыя справы. Пасля патрабавалі экстрадыцыі ў Беларусь, спрабавалі дастаць яго ў Польшчы. Таму не выключана, што ў гэтай справе існуе нейкае беларускае лобі, якое спрабуе дастаць палітычных эмігрантаў і на Захадзе.

Еўрарадыё: Што магчыма зрабіць у гэтай сітуацыі, каб дапамагчы Андрэю Жукаўцу? Бо паводле польскага заканадаўства на працягу 20 дзён ён мусіць абскардзіць прысуд, і праўдападобна, гэтае абскарджанне будзе ў тым жа Беластоцкім акруговым судзе. І тады ўзнікае вялікае верагоднасць таго, што прысуд не будзе адменены і можа здарыцца экстрадыцыя.

Павел Севярынец: Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і Малады Фронт рыхтуюць заяву па справе Андрэя Жукаўца са зваротам да польскіх палітыкаў. Таму што тут справа відавочна палітычная. У еўрапейскай грамадскасці ёсць успамін пра справу Алеся Бяляцкага. Паўтарэння такой справы не захоча ніхто, каб у Беларусі з’явіўся яшчэ адзін палітвязень. Таму цяпер усім тым, хто ведае Жукаўца, хто ў курсе справы, трэба грукацца да польскага прэзідэнта, да прэм’ер-міністра, да польскіх дэпутатаў, да еўрадэпутатаў, да генеральнага пракурора. Нельга маўчаць ні беларускаму дому ў Варшаве, ні іншым беларускім арганізацыям. З боку беларусаў трэба выказаць салідарнасць, бо калі яе не будзе, то можа здарыцца экстрадыцыя.

Еўрарадыё: Вы згадалі справу Алеся Бяляцкага калі, дзякуючы юрыдычнаму супрацоўніцтву паміж Польшчай і Беларуссю, былі выдадзеныя польскія банкаўскія рахункі беларускаму боку, з якіх выплачвалася дапамога рэпрэсаваным. І з’яўленне новага палітычнага вязня Алеся Бяляцкага таксама на сумненні краін-суседак. Цяпер суддзя Беластоцкага суда Шчэсны Шыманьскі палічыў, што можна поўнасцю давяраць доказам сабраным судом у Беларусі. Гэтыя “доказы” польскаму боку прадставіла суддзя Наталля Пыкіна, якая асудзіла дэмакратычнага актывіста Мікіту Ліхавіда, пасля падзей 19 снежня 2010 года і цяпер знаходзіцца ў чорным спісе неўязных у ЕС. Ці магчыма гэтае супрацоўніцтва у прававой сферы паміж Беларуссю і Польшчай спыніць?

Павел Севярынец: Думаю, што поўнафарматнае спыненне гэтай дзейнасці заўчаснае. Ёсць справы, якія патрабуюць супольных дзеянняў, скажам, угон машын, гэта чытай вады крымінал. Скажам, спыненне наркатрафіка ці нелегальнай міграцыі не магчымае без супрацоўніцтва, нават калі з аднаго боку мяжы незаконная ўлада, якая кантралюе тэрыторыю, а з іншага боку — цывілізаваная дзяржава. Іншая справа, што калі ёсць малейшае падазрэнне пра тое, што чалавек праследуецца палітычна, такое супрацоўніцтва мусіць быць спыненае адразу. У еўрапейцаў мусіць быць цвёрдая пазіцыя, нельга выдаваць палітычных уцекачоў.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, Еўропа гэта ўсведамляе? Бо ўсё часцей гучыць такая тэза як “гандаль палітвязнямі”. Вы як палітвязень адчуваеце, што вамі гандлююць?

Павел Севярынец: Ведаеце, адбываецца нейкае прыцэньванне. Не ведаю, ці назваць гэта гандлем, гандаль вядзецца вакол палітвязняў. Пакуль што прынцыповую пазіцыю заняў Еўрапейскі Саюз, як, зрэшты, і рэжым. Сітуацыя небяспечная, бо калі ёсць гандаль, будуць і наступныя палітвязні, бо гэты тавар, атрымліваецца, выгаднейшы за нафту. Таму хацелася б, каб Еўропа трымалася прынцыповай пазіцыі, што дыялог магчымы толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў. Пакуль бачна, што еўрапейцы паддаюцца на правакацыі, дыялогі і бясплённыя размовы.

Фота: vitebskspring.org

Спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі